Мітынг беларусаў каля штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку (Фота)
- 24.03.2008, 11:37
У суботу 22 сакавіка беларусы Амэрыкі, пераважна моладзь, правялі мітынг каля будынку штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.
На мітынгу гучалі беларускія песьні і вершы, а арганізатары ўсім удзельніцам дарылі бел-чырвона-белыя ружы, паведамляе "Радыё Свабода".
Сьвяточны мітынг у гонар 90-х угодкаў БНР і ў падтрымку змаганьня супраць дыктатуры Лукашэнкі арганізавала Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне (БАЗА) і Згуртаваньне беларускай моладзі Амэрыкі (ЗБМА) . У мітынгу ўзялі удзел некалькі дзесяткаў чалавек.
У часе мітынгу выступілі старшыня нью-ёркскага адзьдзелу БАЗА Віталь Зайка, лідэры ЗБМА Мікалай Цімашэнка і Мікіта Агароднік. Старшыня Згуртаваньня беларускай моладзі Амэрыкі Мікалай Цімашэнка нагадаў пра другую гадавіну падзеяў у Менску на плошчы Каліноўскага і заклікаў аддаць даніну пашаны мужнасьці змагароў Плошчы.
Аляксандра Макарук, сяброўка Згуртаваньня беларускай моладзі Амэрыкі, падзялілася сваімі ўражаньнямі пасьля мітынгу:
''У гэтую суботу я ўзяла удзел у мiрнай дэманстрацыi, прысьвечанай Дню незалежнасьцi нашай краiны. Акрамя таго, што мы мелi мажлiвасьць пабачыць i павiтаць адзiн аднаго, мы згадалi пра цяжкi шлях радзiмы да гэтай выдатнай даты, і пра тое, чаму нам загадвалi забыць аб ёй, чаму зьмянiлi наш сьвяты сьцяг i чаму мы павiнны былi сустрэцца тут, у Злучаных Штатах, з плякатамi пад дзвярыма ААН, а не з роднымi на Беларусi. I радасна i сумна… а павiнна быць шчасьлiва! Хочацца, каб кожны з беларусаў меў мажлiвасьць вольна сьвяткаваць гэты дзень... Са Сьвятам! Гэта наш дзень нараджэньня!”
