Старшыня КДБ: «Гэта была прафілактыка»
21- 25.03.2008, 15:23
Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Юры Жадобін заявіў, што па факце выкрыцця шпіёнскай сеткі, якая дзейнічала пад прыкрыццем амбасады ЗША ў Менску, ніхто не затрымліваўся.
"Ніхто не затрыманы. Мы выконваем свае функцыі. Самая галоўная функцыя – прадухіліць, не дапусціць здзяйснення злачынства", – заявіў кіраўнік беларускага КДБ, адказваючы на пытанне "Інтэрфакса" ў аўторак у Менску.
"Таму ў сістэме Камітэта дзяржбяспекі ёсць такі прыём працы, як прафілактыка. Прафілактыка бывае агульная і індывідуальная, і мы ў дадзеным выпадку займаемся прафілактычнай працай", – сказаў Ю.Жадобін. Цяпер, паводле яго слоў, "праводзіцца праверка наколькі там былі парушэнні таго ці іншага артыкула закона".
Кіраўнік КДБ заявіў: "Усё, што было выкладзена па тэлебачанні, паказана – больш як дакладна. "І тое, што на нашай тэрыторыі спрабуюць нам дыктаваць свае законы, а па-расейску гэта называецца "ўлезлі ў чужы манастыр з сваім статутам", недапушчальна і нікому не дазволена рабіць". "І ніхто гэта рабіць не будзе", – падкрэсліў старшыня Камітэта дзяржбяспекі.