9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працягваюцца арышты за святкаванне Дня Волі

Віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда асуджаны на пяць сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне прыняў 1 красавіка суддзя Чыгуначнага райсуда Віцебска Раман Дзягода.

Б.Хамайду асудзілі па ч. 3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 25 сакавіка ў Віцебску.

На судовы працэс быў запрошаны перакладчык, бо пасля затрымання 25 сакавіка апазіцыянер заявіў, што не да канца разумее пытанні, зададзеныя яму на расейскай мове. Тым не менш нават у прысутнасці перакладчыка Б.Хамайда адмовіўся адказваць на пытанні суду, заявіўшы, што не давярае суддзі Р.Дзягодзе. Хадайніцтва аб адхіленні суддзі не было прынятае, і працэс працягваўся без удзелу падсуднага.

У якасці сведак на суд былі выкліканыя супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС, якія растлумачылі, што 25 сакавіка Б.Хамайда быў затрыманы каля дома № 28 па вуліцы Леніна ў Віцебску за тое, што праводзіў там несанкцыянаваную акцыю.

"У гэты дзень я, як звычайна, збіраўся распаўсюджваць незалежную прэсу, – распавёў БелаПАН Б.Хамайда. – А ў гонар 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі я выйшаў у горад з бел-чырвона-белым шалікам на шыі. Побач са мной знаходзілася актывістка Алена Залеская ў такім жа шаліку і прадстаўніца БСДП (Грамада) Антаніна Піванос – яна прынесла ручнік, на якім уласнаручна вышыла малітву "Ойча наш". Міліцыя кваліфікавала нашу прысутнасць у цэнтры горада ў такім выглядзе як несанкцыянаваную акцыю, хоць мы не мелі ні плакатаў, ні транспарантаў і ні да чаго не заклікалі грамадзян".

Суддзя Р.Дзягода прызнаў, што затрыманне было правамерным, і прысудзіў Б.Хамайду да пяці сутак арышту ў ізалятары часовага ўтрымання.

Раней дзвюх актывістак, затрыманых разам з Б.Хамайдам, той жа суддзя прысудзіў да штрафаў: А.Залескую – у 700 тыс. рублёў, А.Піванос – у 70 тыс. рублёў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках