Праз 30 дзён Украіна ўвойдзе ў ВТО
14- 10.04.2008, 19:56
Вярхоўная Рада Украіны ратыфікавала пратакол пра ўваход Украіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (ВТО).
За прыняцце адпаведнага законапраекту прагаласавала 411 дэпутатаў пры неабходных 226. Ад галасавання ўстрымаліся толькі дэпутаты фракцыі Камуністычнай партыі.
У адпаведнасці з працэдурай далучэння да ВТО, пасля паседжання Генеральнага савету пратакол пра ўваход Украіны ў арганізацыю мусібыць ратыфікаваны Радай па 4 ліпеня. Пасля гэтага на 30-ы дзень Украіна робіцца паўнамоцным сябрам гэтай арганізацыі.
Адпаведна артыкулам 8 і 9 закону “Пра міжнародныя дамовы Украіны” і з мэтай набыцця Украінай паўнамоцнага сяброўства ў ВТО, ратыфікацыя пратаколу пра яе ўваход у арганізацыю вымагае прыняцця асобнага закону.
Сяброўства Украіны ў ВТО прадугледжвае выплату штогадовага сяброўскага ўнёску. З улікам таго, што Украіна набудзе сяброўства ў арганізацыі не з пачатку гэтага году, памер сяброўскага ўнёску будзе разлічвацца згодна з фактычнай колькасцю месяцаў, якія засталіся да канца 2008 году, што складзе каля 350 тысяч швейцарскіх франкаў (разам з аднаразовым унёскам у працоўны фонд ВТО). Прадугледжаных на гэтыя мэты сродкаў у дзяржаўным бюджэце на 2008 год дастаткова для выканання адпаведных фінансавых абавязкаў.
Таксама дэпутаты даручылі кабінету міністраў у месячны тэрмін зацвердзіць план дзеянняў па адаптацыі ўкраінскай эканомікі да ўмоваў ВТО. Адпаведную прапанову ўнёс старшыня парламента Арсен Яцанюк па выніках абмеркавання дэпутатамі законапректу.
Нагадаем, 5 лютага ў Жэневе Віктар Юшчанка і Генеральны дырэктар Сусветнай гандлёвай арганізацыі Паскаль Ламі падпісалі пратакол пра ўваход Украіны ў ВТО.
ВТО прапанавала Украіне пяць гадоў пераходнага перыяду для адаптацыі асобных яе нормаў і палажэнняў і абвясціла ўмовы ўваходу Украіны ў арганізацыю.