9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Талеркі, НАТА і афіцыйныя СМІ

4

Выглядае на тое, што прапагандысцкая эфэктыўнасьць беларускіх афіцыйных мэдыяў працягвае падаць. А крытычнае стаўленьне да іх зьместу пашыраецца. Ілюстрацыя — мінулатыднёвае інтэрактыўнае галасаваньне на канале СТВ . На пытаньне «Ці баіцеся вы НАТА?» большасьць гледачоў (54,2%) заявілі, што не. Вынік нечаканы.

Тэзу крытычнага стаўленьня да зьместу афіцыйных СМІ пацьвярджаюць і дадзеныя апошняга сацыялягічнага апытаньня. На пытаньне «Наколькі інфармацыя, атрыманая з афіцыйных крыніц, адпавядае Вашаму рэальнаму жыцьцю?» толькі 12,7% адказалі, што адпавядае цалкам. А пераважная большасьць (85,4%) лічыць, што «адпавядае часткова», «часткова не адпавядае» ці «не адпавядае цалкам». Зьвяртае на сябе ўвагу і той факт, што колькасьць рэспандэнтаў, якія не далі аніякага адказу, мінімальная. Усяго — 1,9%. Для параўнаньня адзначым, што колькасьць гэткіх жа рэспандэнтаў істотна ўзрастае (да 20 ці нават 40%), калі ім трэба адказаць на іншыя пытаньні.

Гэта азначае, што стаўленьне нашых суграмадзянаў да афіцыйных СМІ добра вызначанае і, у пэўным сэнсе, кансалідаванае. А галоўная тэндэнцыя палягае ў тым, што пераважная большасьць беларусаў ставяцца да іх крытычна ці надзвычай крытычна.

Што з гэтага вынікае? Найверагодней, што калі рознабаковая і нецэнзураваная інфармацыя будзе і па-ранейшаму прысутнічаць у беларускай інфармацыйнай прасторы, скептычнае стаўленьне можа пачаць пашырацца і на такія сфэры, як афіцыйная палітыка, сацыяльнае і эканамічнае становішча ўнутры краіны ды прапанаваная ўладамі мадэль разьвіцьця.

А таму новы раўнд барацьбы з талеркамі ў Менску — гэта спроба ня толькі абмежаваць доступ да інфармацыі, але і запабегчы хоць якога пашырэньня крытычных настрояў і меркаваньняў.Тым больш, што з тэлеканалам «Белсат», нягледзячы на цяжкасьці з прыёмам, ужо пасьпелі пазнаёміцца (паводле таго ж НІСЭПД) 7,3% апытаных.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках