9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Цішкевіч: «Я прайшла загартоўку амапаўскімі дубінкамі і камерамі Акрэсціна»

Таццяна Цішкевіч: «Я прайшла загартоўку амапаўскімі дубінкамі і камерамі Акрэсціна»

Актывістцы грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Таццяне Цішкевіч разам з іншымі ўдзельнікамі "Працэсу 14-ці" суд прызначыў два гады выпраўленчых прац.

Пра тое, як праходзіў суд, Таццяна Цішкевіч распавядае ў інтэрвію прэс-цэнтру Хартыі'97.

-- Таццяна, як Вы ўспрынялі прысуд Цэнтральнага суду ў дачыненні Вас?

--Па шчырасці, у гэта момант больш думала пра прысуд Андрэю Кіму, пра тое, як цяпер яго маме. Бо ёй цяпер вельмі цяжка. І незразумела, з чаго так цешыліся некаторыя ўдзельнікі працэсу пасля яго сканчэння.

Што да прысуду, то прыкладна такога і чакала. Ясна было, што кідаць за краты ўсіх нас не будуць, але і не апраўдаюць.

Усцешана, вядома, што далі штраф Сяргееву і Койпішу. Бацькі Антона вельмі хваляваліся і пераймаліся за сына ў судзе.

-- Якое ўражанне пакінуў суд?

-- Суд ужо выдатна ахарактарызавалі суддзя і журналісты адным словам - цырк. Вядома, усё гэта было б смешна, каб не было сумна.

-- Наколькі пераканаўчыя былі сведкі абвінавачання?

-- Пра гэта лепш спытаць у тых, хто прысутнічаў у зале. Магчыма, для суду былі пераканаўчыя паказанні міліцыянераў пра тое, што "акцыя праходзіла на праспекце Пераможцаў", што "яе ўдзельнікі былі п'яныя" і "кідалі даішнікаў пад колы машынаў", што мы "ладзілі вэрхал і бясчынствы". Для любога нармалёвага чалавека гэтыя абвінавачанні выглядаюць абсурдам.

-- Чаму, на Вашую думку, так жорстка абыйшліся з Андрэем Кімам?

-- Абвінавачанні, высунутыя супраць Андрэя, рассыпаліся літаральна на вачах, падчас прагляду відэазапісаў. Яго адвакат цалкам давёў яго невінаватасць. Я чакала, што Андрэя вызваляць у зале суду, даўшы яму "хімію", альбо проста залічаць той тэрмін, які ён ужо правёў у СІЗА.

Прысуд быў шокам. Відавочна, уладам патрэбны прыклад, каб застрашваць моладзь. Аднак сваімі дзеяннямі яны стварылі ўзор таго, як мусіць паводзіцца сапраўдны патрыёт Беларусі. Андрэй выдатна трымаўся на працэсе, ніводным словам ці жэстам ён не выявіў ані страху, ані няўпэўненасці.

-- Каля суда ўвесь час ладзіліся акцыі салідарнасці. Гэта падтрымлівала?

-- Вядома. Тое, што ў зале ўвесь час былі сябры і знаёмыя, стала вельмі сур'ёзнай падтрымкай. Салідарнасць - гэта тое, чаго больш за ўсё баяцца ўлады. І таму яны так імкнуцца спыніць яе праявы. Бо мяне судзілі (перадусім) за салідарнасць з прадпрымальнікамі.

Нават калі зала быў паўпустая ці ў ёй сядзелі БРСМаўцы, мы ведалі, што на вуліцы знаходзяцца дзесяткі нашых сяброў, і гэта яшчэ больш уздымала дух.

-- Ці зменіцца Ваша жыццё пасля суду?

-- Вядома, давядзецца быць асцярожней і шмат у чым абмяжоўваць сябе. Напрыклад, нажаль, пасля такога прысуду, я радзей змагу ўдзельнічаць у вулічных акцыях. Аднак у нашай дзейнасці ёсць шмат іншых кірункаў, дзе спатрэбяцца мае навыкі і досвед. Склаўшы рукі дакладна сядзець не буду.

-- Ці не паўплывае вынесены прысуд на Вашы жыццёвыя каштоўнасці і прыярытэты?

-- Пасля таго, што я ўбачыла на працэсе, пасля той падтрымкі, якую я адчувала падчас суду, я проста не маю права змяняць свае прыярытэты. А што да жыццёвых каштоўнасцяў, то яны сфармаваліся не ўчора, зведалі загартоўку амапаўскімі ботамі і дубінкамі ды камерамі Акрэсціна. Гістэрыка суддзі і прысуд, заснаваны на хлусні, іх не зменяць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках