20 красавiка 2024, Субота, 2:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Таўстыка: «Першы справядлівы суд у Беларусі будзе над прапаршчыкам Дулубам»

9

«Самы першы суд у дэмакратычнай Беларусі будзе над прапаршчыкам Дулубам, які ня толькі перавысіў свае паўнамоцтвы, збіваючы Сяргея Парсюкевіча і абражаючы іншых палітвязьняў на Акрэсціна, але потым яшчэ выступіў абвінаваўцам у судзе», - заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху краіны Алесь Таўстыка, камэнтуючы ўчорашні жорсткі прысуд Сяргею Парсюкевічу.

“Цалкам відавочна, што рашэнне было прынятае загадзя. У судзе абвінаваўца нават не змог сфармуляваць матыву абвінавачання. Ён блытаўся ў юрыдычных фармулёўках. Склалася уражанне, што пракурор – ня надта юрыдычна граматны чалавек і ў судзе як раз абараняе нейкую курсавую ці дыплёмную працу”, - распавёў свае ўражанні ад суду Алесь Таўстыка, які выступаў на працэсе сведкам з боку абароны – за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня ён адбываў з Сяргеем Парсюкевічам адміністратыўны арышт у спецпрыемніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна ў адной камеры.

“Беспраўе як было, так і застаецца ў нашай краіне, міліцыянты кіруюць людзьмі замест таго, каб ахоўваць іх ад злачынцаў. У судзе Парсюкевіч прапанаваў прапаршчыку Дулубу прайсці праверку на дэтэктары хлусні, але суддзя нават зрабіў выгляд, што не заўважыў тую прапанову. А чаму так званы пацярпелы – прапаршчык Дулуб адмовіўся прайсьці гэтую праверку? Бо спужаўся, што яе вынікі пацвердзяць, што ён хлусіць”, - кажа Алесь Таўстыка.

Паводле яго, у аснову прысуду былі пакладзеныя паказанні чалавека, які злоўжывае алкаголем і трапіў на Акрэсціна ўжо не ў першы раз за антысацыяльныя паводзіны, але галоўнае ў тым, што гэты “сведка” ў камеры увесь час спаў.

“Падобна на тое, што яго проста запалохалі. Ахоўнікі Акрэсціна да сваіх “звыклых кліентаў” адносяцца як да бяспраўных рабоў, затое нашы сведчанні, - людзей, якія вядуць нармальны лад жыцця, зарабляюць на дабрабыт сваёй сям’і і плоцяць падаткі дзяржаве, такім чынам утрымліваючы тых жа міліцыянтаў ды суддзяў, - былі прынятыя як ненадзейныя толькі на той падставе, што мы маем ня тыя погляды ды пасмелі выступіць супраць палітыкі ўлады. Таму інакш, як дрэнна падрыхтаваным спектаклем гэта назваць нельга”, - упэўнены лідэр прадпрымальнікаў.

Алесь Таўстыка таксама выказаў меркаванне, што інцыдэнт на Акрэсціна быў правакацыяй. “Мы яшчэ ў першы дзень заўважылі, што ахоўнікі на Акрэсціна неяк па-іншаму ставяцца менавіта да Парсюкевіча, робяць розныя дробныя пакасці, чапляюцца да ўсяго. Менавіта таму Сяргей паводзіў сябе надзвычай асцярожна, тым болей ён ад першага дня трымаў галадоўку і сцвярджаць, што праз тыдзень галадоўкі ды з хранічным захворваннем на астму ён збіваў у турме сытага міліцыянта – гэта проста цінічна”, - кажа Алесь Таўстыка.

Учора ўвечары суд Маскоўскага раёна Менска прызначыў лідэру прадпрымальнікаў з Віцебска Сяргею Парсюкевічу 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму. Прадпрымальнік таксама мусіць выплаціць міліцыянту Аляксандру Дулубу 1 мільён 100 тысяч рублёў кампенсацыі. Прысуд вынес суддзя Уладзімір Аўдзеенка. Раней пракурор Сяргей Кунаш запатрабаваў для Сяргея Парсюкевіча тры гады калоніі.

Віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч быў арыштаваны 4 сакавіка нібыта за "гвалтоўныя дзеянні супраць супрацоўніка міліцыі". Раней Сяргей Парсюкевіч быў затрыманы за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Менску і прысуджаны да 15 сутак арышту, якія прадпрымальнік правёў у спецпрыёмніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна. 21 студзеня ён быў жорстка збіты супрацоўнікам спецпрыёмніка прапаршчыкам Аляксандрам Дулубам. Пазней гэты ахоўнік сам абвінаваціў Сяргея Парсюкевіча ў тым, што арыштант яго збіў.

Старшыня Савета індывідуальных прадпрымальнікаў «Смаленскага рынку» ў Віцебску Сяргей Парсюкевіч з'яўляецца маёрам міліцыі ў адстаўцы. Сышоў на пенсію ў 2004 годзе з пасады начальніка судова-крыміналістычнага аддзела, пасля чаго і пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках