Міністэрства спорту ізноў у эпіцэнтры крыміналу
- 25.04.2008, 15:15
Пачаўся судовы працэс над работнікамі Міністэрства спорту Беларусі, якія абвінавачваюцца ў атрыманні хабару, махлярстве, злоўжыванні службовым становішчам і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Як заявіў памочнік пракурора Ленінскага раёну Менску, злачынная схема была наступная. Па дакументах рамонтам займаліся будаўнічыя фірмы, на рахункі якіх Мінспорту пералічвала грошы. Аднак на самой справе работы вяла брыгада "шабашнікаў", нанятых адным з чыноўнікаў. Следства мае падставы лічыць, што "нелегалам" плацілі мизер у параўнанні з тым, якія грошы афіцыйна сыходзілі на гэтыя мэты. Ёсць сведчанні, што нейкая фірма абнаяўнівала міністэрскія грошы і перадавала іх намесніку галоўнага інжынера прадпрыемства Мінспорту Георгію Пракаповічу, якому зараз пагражае сем год пазбаўлення волі.
Акрамя таго, пад час расследавання выявілася: Пракаповіч знаходзіўся на на адказнай пасадзе, негледзячы на тое, што быў раней судзімы за крадзёж у буйным памеры. Прычым артыкул 210 частка 3 КК, па якім ён быў асуджаны на тры гады ўзмоцненага рэжыму ў 2003-м, пазбаўляла яго права займаць кіраўніцкія пасады - на тэрмін, які не выйшаў да моманту прыёму на працу ў падначаленую арганізацыю Мінспорту.
Ёсць і другі фігурант справы – Уладзімір Міневіч, якому пагражае да дзесяці год зняволення. Ён, як начальнік аддзела інвестыцыяў Мінспорту, падпісаў дакументы і браў хабар ад Пракаповіча. Усяго следству вядома аб чатырох такіх выпадках. Прыкладны сумарны даход па ўзгаданай схеме склаў каля 65 млн. рублёў.
«Арыштаваны начальнік аддзела інвестыцыяў Уладзімір Міневіч працаваў у спартыўным міністэрстве год сем, - распавёў карэспандэнту «Народной воли» адзін з супрацоўнікаў Міністэрства спорту». – Тады яшчэ цяперашні памочнік прэзідэнта па справах фізкультуры і спорту Генадзь Аляксеенка, які, па чутках, у сваяцтве з Міневічам, працаваў у Міністэрстве спорту першым намеснікам міністра. Валодзя, у прынцыпе, спраўны хлопец. Уявіце, што прыйшоў ён на працу, калі, па-мойму, яму яшчэ не было і трыццаці год, а ўчастак працы вельмі адказны. Аддзел інвестыцыяў тады ўзначальваў Федасеенка, а Валодзя проста працаваў у групе. Пры міністры Юрыі Сівакове Федасеенка звольніўся, а Міневіч стаў кіраўніком. Калі Сівакова змяніў Аляксандр Грыгораў, пачалося больш будаўніцтва спартовых аб’ектаў, пайшлі інвестыцыі, а вось як яны асвойваліся- гэта ўжо асобнае пытанне».