9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АЭС неўзабаве не будзе для каго будаваць

5

Цяперашняя дэмаграфічная сітуацыя ў паслячарнобыльскай Беларусі несумяшчальная з планамі будаўніцтва АЭС. Такую думку выказаў у інтэрвію БелаПАН член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прафесар Іван Нікітчанка.

Па ягоных словах, з 1993 года ў краіне назіраецца дэмаграфічны крызіс: нараджальнасць скарацілася да 8,8-9,0 нованароджаных на тысячу жыхароў у год, у той час як смяротнасць узрасла да 14,5-14,8. Такім чынам, за 14 гадоў колькасць насельніцтва краіны скарацілася больш чым на 600 тысяч чалавек. Па ацэнцы экспертаў ААН, пры захаванні такой дынамікі да 2020 года насельніцтва Беларусі паменшыцца яшчэ на паўмільёны, а да сярэдзіны XXI стагоддзя краіна страціць 38% жыхароў.

Сярод прычынаў, якія спарадзілі дэмаграфічны крызіс, навуковец назваў комплекс экалагічных праблемаў, звязаных з тэхналагічна няслушным занясеннем мінеральных угнаенняў ранняй вясной і забруджваннем хімікатамі вадаёмаў краіны, адсутнасцю дакладнага дазавання пры ўжыванні гербіцыдаў і пестыцыдаў, а таксама забруджваннем навакольнага асяроддзя гнаявымі сцёкамі гіганцкіх жывёлагадоўчых комплексаў.

"Але самый страшнай бядой, якая ператварыла Беларусь у зону экалагічнага бедства, безумоўна, з'яўляецца чарнобыльская катастрофа, ад радыяцыйнай пагрозы і сацыяльных узрушэнняў якой пацярпеў увесь беларускі народ, - падкрэсліў І.Нікітчанка. - Па афіцыйных звестках, у першыя гады пасля трагедыі для падрыхтоўкі камбікармоў было скарыстана каля 50 тысяч тон касцяной мукі, мільён тон збожжа і 1,6 мільёнаў тон малака, забруджаных радыёнуклідамі. Мяркую, з гноем усе гэтыя радыёнукліды трапілі ў глебу вакол жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабарык краіны. Бо гэтыя землі не абследаваліся, няма гарантыяў, што на іх вырабляецца чыстая прадукцыя".

Сітуацыя, па словах прафесара, пагаршаецца "самаўпраўнасцю, непрафесіяналізмам і безадказнасцю службоўцаў, а таксама некампетэнтнасцю і несумленнасцю шэрагу навукоўцаў". З прычыны гэтага, адзначыў І.Нікітчанка, "пацярпелыя ад катастрофы людзі, у тым ліку ліквідатары аварыі, пазбавіліся дзяржаўных ільгот і кампенсацый, перасталі паўнавартасна функцыянаваць медустановы, якія займаліся пытаннямі аховы здароўя пацярпелых, а дзейныя дзяржаўныя сістэмы радыяцыйнага кантролю не забяспечваюць бяспеку насельніцтва".

На думку навукоўца, "уладам варта адмовіцца ад планаў будаўніцтва АЭС і скіраваць усе высілкі супраць пагрозы дэмаграфічнай катастрофы".

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках