Мікалай Статкевіч запрашае беларусаў на еўрамаёўку
7- 29.04.2008, 8:31
Адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч запрашае беларусаў прыняць удзел у еўрамаёўцы, якая пройдзе 1 траўня, у 12.00 каля Нацыянальнай бібліятэкі.
1 траўня святкуецца ў Беларусі не толькі як Дзень Працы, але мае ў найноўшай беларускай гісторыі яшчэ адно важнае значэнне - чатыры гады таму ў Еўразвяз увайшлі 10 новых дзяржаў і межы ЕЗ пашырыліся да Беларусі.
"Нашае рашэнне зладзіць еўрамаёўку праходзіць у межах грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь". Мы неаднойчы чулі, як Лукашэнка скардзіўся, што ён арганізуе святы, а апазіцыя не бярэ ў іх удзелу. Таму 1 траўня мы прыйдзем да Нацыянальнай бібліятэкі. Мы спадзяемся, што ўлады, урэшце, зразумеюць, што ў Беларусі няма іншага выбару, што трэба рухацца ў бок Еўразвяза. Праўда, для гэтага трэба здзейсніць істотны крок - правесці вольныя выбары", -- заявіў Мікалай Статкевіч у інтэрвію прэс-цэнтру Хартыі'97.
Паводле паведамлення на сайце www.fpb.by "...Федэрацыя прафсаюзаў працягвае падрыхтоўку да свята працы - 1 траўня. Сёлета мерапрыемствы пачнуцца а 12 гадзіне святочнымі мітынгам каля Нацыянальнай бібліятэкі. Пасля гэтага госцяў чакае вялікі святочны канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады. Перад гледачамі выступяць такія калектывы, як "Песняры", "Чысты голас", "Няміга", "Бяседа", арт-гурт "Беларусы", гурты "Тяни-толкай", "J:MOPC" і іншыя..."