У турме рэзка пагоршылася здароўе адваката Зэльцэра
- 29.04.2008, 8:41
Грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр, які быў арыштаваны ў Менску і знаходзіцца цяпер у СІЗА, скардзіцца на стан свайго здароўя. Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на яго адваката Дзмітрыя Гарачку.
Нагадаем, Зэльцэр прыбыў у Беларусь, каб па просьбе стрыечнага брата Бадры Патаркацышвілі Джозафа Кея (Іосіфа Какалішвілі) урэгуляваць пытанні з тутэйшай маёмасцю памерлага алігарха - прадпрыемствамі лесаперапрацоўкі і машынабудавання.
"Мой падабаронны скардзіцца на кепскае самаадчуванне. З ягоных словаў, ён пачуваецца вельмі кепска", - сказаў Гарачка. Ён адзначыў, што "скаргі Зэльцэра таксама датычаць таго, што яму не даюць тых лекаў, што ён просіць".
Дзмітрый Гарачка адмовіўся абмяркоўваць іншыя, апрача здароўя, тэмы, датычныя справы Зэльцэра, спаслаўшыся на падпіску следчаму пра нявыдачу інфармацыі па гэтай справе. Гарачка толькі ўдакладніў, што яго падабаронны знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Раней у Рэспубліканскай клінічнай псіхіятрычнай лякарні паведамілі, што ў сярэдзіне красавіка Зэльцэру была прызначана судова-псіхіятрычная экспертыза, і ён быў змешчаны ў стацыянарнае аддзяленне судова-псіхіятрычных экспертызаў для асобаў з жорсткім утрыманнем.
Зэльцэр, былы савецкі эмігрант, з'яўляецца экспертам па праблемах арганізаванай злачыннасці і адмыванню грошай у Расеі і былых савецкіх рэспубліках. У 2000-2001 гадах быў адвакатам затрыманага ў Нью-Ёрку дзяржсакратара "саюза" Беларусі і Расеі Паўла Барадзіна. Ён таксама фігураваў у справе пра магчымае адмыванне грошай праз Bank of New York.