Затрыманы журналіст «Народнай волі»
- 29.04.2008, 14:54
Сёння ў Менску затрымалі карэспандэнта недзяржаўнай газеты «Народная воля» Віталя Гарбузава. Яго мабільны тэлефон не адказвае. Але, як паспеў паведаміць журналіст сваім калегам па рэдакцыі, яго павязлі ў РУУС Цэнтральнага раёна сталіцы.
Паводле сайту «Народнай волі», затрыманне адбылося каля 12.00 у раёне ГУМа. Журналіст па заданні рэдакцыі назіраў за тым, як сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) на чале з яе кіраўніком Анатолем Лябедзькам раздавалі мінакам газету «Народная воля» з надрукаваным у ёй тэкстам «Паслання АГП грамадзяніну, бізнэсу і дзяржаве «Цана выбару».
Праз некалькі хвілін пасля пачатку акцыі міліцыя затрымала яе ўдзельнікаў разам з журналістам — нягледзячы на тое, што газет ён не раздаваў, а толькі фатаграфаваў працэс. Разам з тым Віталь Гарбузаў мае пры сабе журналісцкае пасведчанне.
Тым часам, 28 красавіка пасля 14 сутак адміністратыўнага арышту выйшаў на волю сябра БАЖ з Барысава Анатоль Удавічэнка. Як паведаміў журналіст у гутарцы з прэс-службай БАЖ, яго ўтрымлівалі ў спецпрыёмніку на вул. Акрэсціна, некалькі разоў пераводзілі з камеры ў камеру, дзе знаходзіліся ад 5 ад 14 чалавек — «у асноўным п’яніцы». Журналісту перадавалі газеты, кнігі, але асвятленне ў камерах было надзвычай бляклым.
Журналіста затрымалі 27 красавіка ў другой палове дня ў Мінску на вул. Казлова. На наступны дзень Першамайскі суд г. Мінска звінаваціў яго ў раскідванні налепак з інфармацыяй пра «Чарнобыльскі шлях» і асудзіў на 14 сутак адміністратыўнага арышту паводле ч.1 арт.23.34 КаАП.
Журналіст па-ранейшаму не прызнае вылучаных супраць яго абвінавачанняў і лічыць, што перад затрыманнем за ім сачылі.