БелТА прапаноўвае ўвесці кантроль за інтэрнэтам зараз жа
11- 29.04.2008, 17:44
Асацыяцыю адказных інтэрнэт-выдаўцоў неабходна стварыць у Беларусі. З такой прапановай выступіў на ІІІ Беларускім інфармацыйным форуме «СМІ ў эпоху глабалізацыі: актуальныя аспекты» генеральны дырэктар афіцыйнага Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрый Жук.
Усе СМІ, якія жадаюць уступіць у асацыяцыю, павінныя выканаць дзве ўмовы: прыняць на сябе адказнасць і няўхільна выконваць артыкул 5 Закона «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», у якім гаворыцца аб недапушчальнасці злоўжывання свабодай масавай інфармацыі, і друкаваць на старонцы сайта Беларускага саюза журналістаў поўныя дадзеныя аб сабе, лічыць Дзмітрый Жук.
Па ягоных словах, уключэнне вядучых беларускіх СМІ ў асацыяцыю стане першым крокам да стварэння механізма дзейснага рэгулявання дзейнасці гэтых выданняў да таго моманту, калі ў Беларусі з’явіцца нарматыўны дакумент, які рэгулюе пытанне дзейнасці інтэрнэт-выданняў.
Як адзначыў гендырэктар БЕЛТА, асацыяцыя таксама будзе садзейнічаць развіццю сістэмы рэальнай абароны правоў спажыўцоў. «Спажывец павінен ведаць, хто сапраўды нясе адказнасць за інфармацыю, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце (на шматлікіх беларускіх парталах зараз няма нават самых простых дадзеных аб стваральніку — адраса і тэлефона, не кажучы ўжо аб іншых дадзеных)», — патлумачыў Дзмітрый Жук.
У артыкуле 5 закона аб друку, у прыватнасці, гаворыцца: «Аб недапушчальнасці выкарыстання СМІ для: здзяйснення дзеянняў, якія караюцца ў крымінальным парадку; раскрыцця звестак, якія складаюць дзяржаўную ці іншую тайну, якая спецыяльна ахоўваецца законам; закліка да захопу ўлады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу».