Лукашэнка сустрэўся з міністрам абароны Расеі
1- 30.04.2008, 9:22
29 красавіка на сустрэчы ў Менску з міністрам абароны Расеі Анатолем Сердзюковым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Расеі няма і быць не можа больш надзейнага і прыстойнага партнёра на захадзе, чым Беларусь.
Па інфармацыі прэс-службы кіраўніка дзяржавы, А.Лукашэнка адзначыў, што стварэнне Беларуссю і Расеяй сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў "шмат пра што кажа". "Думаю, што і ў будучыні мы будзем разам выступаць з адзіных пазіцый, што мы сёння і робім па ўсіх пытаннях вайсковай супрацы. І на выклікі часу ваеннага характару мы рэагуем з адзіных пазіцый", - сказаў А.Лукашэнка.
Ён лічыць высокім узровень вайсковай супрацы Беларусі і Расеі. "Калі б ва ўсіх галінах па ўсіх кірунках у нас было б такое паразуменне з Расейскай Федэрацыяй, як у вайсковай, праблемаў бы ў нас практычна не было", - заявіў А.Лукашэнка.
У сваю чаргу А.Сердзюкоў адзначыў, што ў вайсковай сферы "няма такіх сур'ёзных пытанняў, якія б не вырашаліся".
Расейскі міністр паведаміў, што на паседжанні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі 30 красавіка плануецца падпісаць міжурадавую дамову аб сумесным тэхнічным забеспячэнні рэгіянальнай групоўкі войскаў (сілаў) Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі, а таксама двухбаковую дамову аб узаемадзеянні ў абсягу радыёэлектроннай барацьбы, паведамляе БелаПАН.
А.Сердзюкоў прыбыў у Беларусь 29 красавіка. Ён наведаў радыёлакацыйную станцыю "Волга" сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, размешчаную ў раёне Ганцэвічаў (Берасцейская вобласць). Гэта адзін з двух расейскіх вайсковых аб'ектаў, размешчаных на беларускай тэрыторыі. У паездцы А.Сердзюкова суправаджаў міністр абароны Беларусі генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў.