Невыяздны Лябедзька не зможа паехаць на з’езд Дэмакратычнай партыі ЗША
2- 30.04.2008, 14:22
Лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку запрасілі на з’езд Дэмакратычнай партыі ЗША, але паехаць туды ён не зможа ў сувязі са сваім статусам невыязднога з Беларусі.
З’езд пройдзе з 24 па 28 жніўня ў Дэнверы (штат Каларада). На ім будуць вызначаныя кандыдаты ў прэзідэнты і віцэ-прэзідэнты ЗША ад гэтай палітычнай сілы. Не выключана, што менавіта на форуме будзе зроблены канчатковы выбар паміж Х.Клінтан і Б. Абамай.
Запрашэнне беларускаму палітыку прыйшло за подпісам былога Дзяржсакратара ЗША Мадлен Олбрайт.
«Запрашэнне ёсць, падзея цікавая і інтрыгуючая. Адзіная перашкода, з-за якой я не змагу ўдзельнічаць у дадзеным мерапрыемстве, гэта статус невыязднога з краіны», — сказаў Анатоль Лябедзька.
Нядаўна апазіцыйны палітык звяртаўся ў пракуратуру з мэтай даведацца, якія зрухі адбыліся ў ягонай крымінальнай справе, але, як стала вядома, ніякіх зменаў у справе няма, таму яму па-ранейшаму забаронены выезд з Беларусі.