9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кася Салаўёва: «Калі любіш Беларусь, які можа быць страх?!»

21
Кася Салаўёва: «Калі любіш Беларусь, які можа быць страх?!»

8 сакавіка суд у Полацку аштрафаваў Касю Салаўёву на 1 мільён 750 тысячаў рублёў. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

Максымальнае пакараньне паводле гэтага абвінавачваньня – да 2 гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля абвяшчэньня прысуду Кася Салаўёва адказала на пытаньні “Радыё Свабода”.

-- Вы баяліся, што вам могуць даць два гады зьняволеньня?

-- Не баялася. Лічу, што зараз уладам ня варта рызыкаваць, саджаць дзяўчыну за краты і тым самым парваць усе адносіны з Захадам. Цяпер проста ня тое эканамічнае становішча ў нас у краіне, каб браць на сябе такую адказнасьць, рызыку.

-- Вы без усялякага страху ішлі на гэты працэс?

-- Калі любіш Беларусь, то які можа быць страх?! Калі ты ўпэўнены, што стаіш на правільным шляху, то таксама ніякага страху і хваляваньня быць ня можа.

Адно што я хвалявалася, там будзе шмат людзей і ўсе цябе слухаюць. Бо я ня вельмі люблю рабіць публічныя прамовы.

-- У вашай прамове ў судзе, якая была асноўная думка?

-- Я казала, што “Малады фронт” гэта, канечне, можа, і незарэгістраваная арганізацыя, але ўсё ж некалькі разоў сябры “Маладога фронту” рабілі спробы зарэгістравацца. То бок, як ты ня хочаш, а атрымалася такім чынам. Я казала, што арганізацыя, якая вызнае хрысьціянскія прынцыпы, ня можа мець у сабе разбуральны характар.

-- А як Вашыя бацькі рэагавалі на тое, што Вы зьбіраецеся ў суд, што яны Вам сказалі?

-- Я ня думаю, што яны моцна хваляваліся. Бо яны заўсёды мяне вучылі зь дзяцінства, што галоўнае, каб была чалавечая годнасьць. Яна даражэй за жыцьцё.

-- Спачатку Вашы бацькі не патрапілі на працэс. Вы гэта заўважылі?

-- Канечне, спачатку іх не пускалі. Мы, некалькі чалавек, хуценька прайшлі ў невялікую залю, хаця было абяцана, што заля будзе вялікая. І пасьля міліцыянты стаялі каля ўваходу і нават маіх бацькоў не пускалі. Таксама дыплямата ЗША. Яны ўжо са спазьненьнем зайшлі.

-- Падчас працэсу, што Вас найбольш уразіла?

-- Я была ў шоку. Як гэта так?! У асноўным у справе былі тыя матэрыялы, якія наагул ня мелі ніякага дачыненьня да арганізацыі “Малады фронт”. Розныя газэты. А таксама запіс у нататніку: “Але я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб зруйнаваць гэты рэжым”. Таксама ў мяне пыталіся, што ж гэта за рэжым, і што і як ты хацела зруйнаваць. Я сказала, што менавіта гэты запіс да “Маладога фронту” дачыненьня ня мае.

Шмат чаго было проста прыцягнута за вушы. Нават каталіцкая газэтка “Прамень” нібыта сьведчыла супраць мяне. Мяне нават судзілі ня проста за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, а проста за тое, што ў мяне актыўная грамадзянская пазыцыя”.

-- Як Вы думаеце, чаму так хутка скончыўся працэс?

-- Напэўна, дзесьці раней ужо прапісалі, які прысуд мне даць.

-- Пачуцьцё стомленасьці ёсьць, напэўна. Ад чаго Вы больш стаміліся сёньня?

-- Я прыйшла на суд – ужо была стомленая. Я хацела спаць, я хацела есьці. Шмат было пытаньняў такіх пра тыя самыя газэты, на якія ня вельмі хацелася адказваць. Бо яны ня мелі дачыненьня да справы. Я ім казала, казала і пракурору, і судзьдзі... А яны ня слухалі.

-- А ці адчувалі Вы падтрымку сваіх аднадумцаў?

-- Людзі літаральна спагадалі мне. Пасьля перапынку, як мы зайшлі ў залю суду, адразу пачулі выгукі “Жыве Беларусь!”, “Уладу – народу! Моладзі – свабоду!” і ўсё астатняе.

-- Першае, што Вы зробіце пасьля суду?

-- З дапамогай астатніх сяброў арганізацыі ўзьяднаць “Малады фронт” у Віцебскай вобласьці, каб вызначыць стратэгію. Магчыма, стварыць аргкамітэт “Маладога фронту” і расплянаваць нашу дзейнасьць. А таксама паезьдзіць па рэгіёнах. Таксама мы пададзім скаргу на сёньняшні прысуд у Віцебскі абласны суд.

Месяц таму Кацярыне Салаўёвай споўнілася 20 гадоў. А ў студзені 2008 году дзяўчыну выключылі з Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе яна вучылася на 2 курсе гісторыка-філялягічнага факультэту.

Пра сябе Кацярына Салаўёва казала журналістам: “Я — веруючы чалавек, які вельмі любіць сваю Радзіму”. Дзяўчына стала актывісткай “Маладога фронту”, бо падзяляе мэты гэтай арганізацыі і яе каштоўнасьці — веру ў Бога і любоў да Беларусі.

Гэта другая крымінальная справа супраць актывісткі. На пачатку 2008 году яе прызналі вінаватай у нанясеньні палітычных графіці. Пасьля Дня Волі Кацярына Салаўёва была пакарана 5 суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці.

У судовую залю ня трапіла больш за 50 чалавек

Карэспандэнт БТ, якога прысутныя патрабавалі выдаліць з залі

Фармуецца стыхійны жывы ланцуг

Да будынку суду былі падагнаныя два аўтазакі і аўтобус зь міліцыяй

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках