9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч: «Мы не будзем іграць па сцэнарыю ўлады»

1

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч заяўляе, што ў выпадку, калі ўлады пойдуць на фальсіфікацыі, Еўрапейская кааліцыя падтрымае байкот парламенцкіх выбараў.

Нагадаем, што 1 мая Мікола Статкевіча арыштавалі за ўдзел у афіцыйным першамайскім мітынгу, куды ён прыйшоў разам з актывістамі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і ўзняў сцягі Еўразвяза. Сёння палітык адказвае на пытанні прэс-цэнтра Хартыі’97.

-- Мікола Віктаравіч, як Вы можаце пракаментаваць свой арышт на афіцыйным мітынгу 1 мая?

-- Хачу сказаць вялікі дзякуй усім актывістам кампаніі «Еўрапейская Беларусь», якія прыйшлі на тую акцыю. Я лічу, што палітычныя лідэры павінныя быць наперадзе, каб барацьба за дэмакратыю не пераўтварылася ў «крыжовы паход» супраць моладзі. Моладзь больш за ўсіх зацікаўленая ў пераменах, і лепшая яе частка ўдзельнічае ў такіх акцыях. Я вельмі шкадую, што, нягледзячы на ўсе мае спробы адцягнуць увагу на сябе і не даваць паказанні, якія могуць быць выкарыстаныя супраць моладзі, была затрыманая такая вялікая колькасць маладых людзей, затрыманая жорстка, бесчалавечна. Гэта дзіўна, бо нават сабака не кусае руку, якая яго корміць. Я чуў, як па амапаўскіх рацыях гучала каманда: «Гасціць еўрапейскія сцягі», нягледзячы на тое, што ўвесь беларускі бюджэт трымаецца на спекуляцыях нафтапрадуктамі ў Еўропу.

-- З Вамі жорстка паводзілі сябе ў міліцэйскім пастарунку і на Акрэсціна?

-- На мітынгу, калі частка актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» сталі ўздымаць еўрапейскія сцягі, да іх адразу кінуліся супрацоўнікі АМАПу. Я знаходзіўся ў метрах дзесяці, і, каб адцягнуць іх увагу на сябе, крыху раней запланаванага ўзяў мегафон і пачаў гаварыць аб мэтах кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Мяне затрымалі праз некалькі хвілінаў, потым трымалі ў браніраваным МАЗе. Калі прывезлі ў Першамайскі РУУС, я быў вельмі засмучаны, убачыўшы там 25 затрыманых маладых людзей. Некаторыя былі ў падранай вопратцы, бачна было, што іх цягнулі па зямлі. Я адразу сказаў міліцыянтам, што іх дзеянні незаконныя, сцягі ЕЗ не з’яўляюцца незарэгістраванай сімволікай. На судзе, паколькі суддзя груба парушала Канстытуцыю і не была ў стане весці працэс на беларускай мове, а таксама ў сілу таго, што такія паседжанні пераўтварыліся ў камедыю, я адмовіўся ўдзельнічаць у працэсе.

Відаць, я зламаў ім нейкія планы. Адносіны да мяне рэзка змяніліся. У РУУС мяне абшукалі спачатку адзін раз, потым другі. З якой раз’юшанасцю выварочваў мне кішэні афіцэр, які вёў дазнанне! Як ён радаваўся, як крычаў, што знайшоў у мяне «колючы» прадмет. Гэта аказалася звычайная зубачыстка…

Потым мяне памясцілі ў «стакан» у міліцэйскім пастарунку—вузкае памяшканне без святла і паветра і трымалі там 12 гадзінаў! На Акрэсціна зноў пачаліся ператрусы. Было такое, што за некалькі гадзінаў абшуквалі тройчы! Відавочна, што супрацоўнікі міліцыі атрымалі каманду прыдзірацца да мяне. Магчыма, хацелі дадаць суткі арышту. Але я пачаў кожны раз пытацца ў міліцыянтаў: як доўга яны збіраюцца працягваць парушаць закон? Пасля гэтага яны ляскалі дзвярыма і збягалі…

-- Чым выкліканае такое стаўленне?

-- Характэрная сама рэакцыя ўладаў. Відавочна, яны вельмі баяцца планаў «Еўрапейскай Беларусі» па візуалізацыі еўрапейскіх настрояў значнай часткі беларускага грамадства. Хаця, думаю, што мне было лягчэй усё гэта перанесці, чым любому моладзеваму актывісту. Таму што палітычнага лідэра абараняе ягоная вядомасць, салідарнасць партнёраў з іншых краінаў.

-- Пакуль Вы адбывалі арышт, каардынатарам Хартыі’97 Зміцерам Бандарэнкай была агучаная ініцыятыва байкатаваць павінныя адбыцца парламенцкія выбары. Як Вы ставіцеся да той ініцыятывы?

-- Я магу давесці афіцыйную пазіцыю Еўрапейскай кааліцыі, куды, акрамя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), уваходзяць «Партыя свабоды і прагрэсу» і «Малады Фронт». Нашая пазіцыя была сфармуляваная мінулым летам. Апазіцыя павінная выкарыстаць усе магчымасці выбарчай кампаніі, таму што падчас выбараў лягчэй весці агітацыю – менш рэпрэсіяў. Але адначасова мы не павінныя іграць па чужых сцэнарыях. Інакш у канцавым выніку будзем працаваць па сцэнарыю ўлады. Мы пакідаем за сабой права спыніць кампанію на любым з этапаў выбарчай кампаніі, калі ўбачым, што ўлады не намераныя змяніць Выбарчы кодэкс ці змяніць практыку прымянення гэтага кодэксу. Пасля рэгістрацыі сваіх кандыдатаў, мы будзем прымаць рашэнне. Калі мы ўбачым, што ўлады хочуць прапанаваць нам іграць у выбарчай камедыі з загадзя размеркаванымі ролямі, мы спынім свой удзел у выбарчай кампаніі. Мы прымем удзел у выбарах, толькі калі будуць вызваленыя палітвязні (каб у грамадстве не было атмасферы страху), будзе адмененае папярэдняе галасаванне, якое поўнасцю фальшуецца, назіральнікам дазволяць кантраляваць падлік галасоў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках