Цэментавы завод у Беларусі пабудуюць іранцы
5- 19.05.2008, 13:14
Іранская кампанія Azarab выйграла конкурс на прамысловую распрацоўку радовішча крэйды "Падкаменне" (Гомельская вобласць) у Беларусі і на будаўніцтва цэментавага заводу.
Пра гэта паведамляе "Прайм-ТАСС" са спасылкай на блізкую да ўрада Беларусі крыніцу. Замежны інвестар прыняў патрабаванне беларускага боку пра стварэнне на базе радовішча заводу па вытворчасці цэменту магутнасцю 1,8 млн т у год. Спачатку Azarab прапаноўвала наладзіць вытворчасць магутнасцю 1,2 млн т у год.
"Падкаменне" не падрыхтавана для прамысловай распрацоўкі. У сувязі з гэтым інвестар здзейсніць дадатковую выведку радовішча за свой кошт, для чаго з іранскай кампаніяй складзена дамова на выкананне геолагавыведных працаў. Пасля правядзення працаў Azarab падрыхтуе дакументацыю на распрацоўку радовішча, у якой вызначыць магутнасць новай вытворчасці і аб'ём неабходных інвестыцыяў.
Пры гэтым інвестар мусіць выканаць шэраг дадатковых умоваў, а менавіта - выведаць і распрацаваць гліністую сыравіну, пабудаваць цэментавы завод з выкарыстаннем тэхналогіі сухога спосабу атрымання цэменту і пабудаваць аб'екты інфраструктуры.
Дадатковай умовай з'яўляецца таксама комплекснае засваенне радовішча, што прадугледжвае стварэнне заводу па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, вапны, сценавых блокаў з ячэістага бетону і сухіх будаўнічых сумесяў.
Па папярэдніх ацэнках, іранскаму інвестару давядзецца ўкласці ў праект ад 350 млн да 550 млн. еўра. Да таго ж, Azarab мусіць удзельнічаць у рэалізацыі сацыяльных праектаў мясцовай адміністрацыі.
Эксперты ацэньваюць запасы крэйды катэгорыі С2 на радовішчы "Падкаменне" у 508 млн т. Падлік запасаў выкананы на глыбіні 50 м ад паверхні зямлі.