26 красавiка 2024, Пятніца, 19:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Парсюкевіч: «Галоўнае застацца чалавекам, калі зь цябе хочуць зрабіць быдла»

9

Палітвязень Сяргей Парсюкевіч, арыштаваны да 2,5 гадоў калоніі за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў, даслаў ліст на волю.

Падаем ліст палітвязьня цалкам:

«Для мяне адсутнасьць свабоды, элемэнтарная немагчымасьць проста ісьці куды табе хочацца, сустракацца з блізкімі людзьмі і сябрамі, моцна цісьне на псыхіку. Канешне, стараесься не паказваць віду. Але сумныя і раздражняючыя думкі ў галаве пастаянна. Да іх трэба дадаць клопат аб тым, як цяжка сям’і і блізкім. Акрамя маральных пакутаў на іх зваліліся справы і праблемы, якімі раней займаўся я сам, фінансавыя пытаньні. Калі раней асноўны даход у сям’і быў зароблены мной, то цяпер яны трацяць сродкі на мае ўтрыманьне.

Перажываю з той нагоды, што адбываецца ў краіне. Апошнія рэпрэсіі і адсутнасьць адэкватнага адказу з боку цывілізаванага чалавецтва на іх, настрою не павышаюць. Адсутнасьць лістоў, аб’ектыўнай інфармацыі раздражняе. Я ўпэўнены, што мая жонка Наташа піша мне практычна кожны дзень. Ёсьць прычыны, па якіх лісты да мяне не даходзяць, няма і газэтаў.

Уся сыстэма турэмнага жыцьця краіны накіравана на прыніжэньне чалавека, які сюды патрапіў. Жодзіна ў гэтым напрамку мае «лепшыя»вынікі. Да асобы ставяцца горш, як да быдла. Я сам не магу так ставіцца ні да каго. І ўсё гэта на маіх вачах, і я нічога не магу з гэтым зрабіць.

Да бытавых праблемаў можна аднесьціся па-філасофску. Ну, нічога, што на 12 месцаў — 20 чалавек, і суткі ўвогуле няма ніякай вады. Бывае, усю ноч сядзіш у цемры, а легчы спаць няма куды.

На сьняданак — суп з кіслай капусты, а на вячэру — вараная кіслая капуста. Хапае прыступ астмы, а ты 20 хвілінаў грукаеш у дзьверы — мець у камэры інгалятар нельга.

Галоўнае застацца чалавекам, калі зь цябе ўсімі сродкамі хочуць зрабіць быдла».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках