9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння дзень народзінаў Васіля Быкава

7

Яму магло споўніцца 84. Народнага пісьменніка не стала пяць гадоў таму. Ён знёс з сабой нямала таямніц, і адна з іх - праўда пра "Альпійскую баладу".

Гэтую аповесць Васіль Быкаў напісаў у 1963 годзе. Праз пятнаццаць гадоў у нарысе "Аднойчы ў самым канцы вайны" пісьменнік распавёў пра выпадковую франтавую сустрэчу, якая паслужыла штуршком да стварэння аповесці, піша «КП в Беларуси».

Адбылося гэта ў аўстрыйскіх Альпах, калі лейтэнанту Быкаву трапіла на вочы чарнявая, худзенькая дзяўчына ў паласатай куртцы, якая шукала нейкага Івана. У адказ на роспыты яна трохі паплакала і, скажаючы рускія і нямецкія словы, густа аздобленыя італьянскімі, расказала сваю гісторыю.

"Яе зваць Джуліяй, яна італьянка з Неапалю, - пісаў Быкаў. – Год таму, улетку сорак чацвёртага, у часе бамбавання саюзнай авіяцыяй размешчанага ў Аўстрыі вайсковага заводу, яна збегла ў Альпы. Пасля блукання па горах сустрэла рускага ваеннапалоннага, таксама ўцекача з канцлагера, і яны пайшлі разам. Спачатку ён не хацеў браць яе з сабой, бо прабіраўся на ўсход, бліжэй да фронту, яна ж хацела на радзіму, у Італію, адкуль была вывезена пасля задушэння паўстання ў Неапалі і кінута ў нямецкі канцлагер. Некалькі дзён яны праблукалі ў горах, галодныя і распранутыя, перайшлі заснежаны хрыбет і аднойчы імглістым ранкам натрапілі на паліцэйскую залогу. Яе схапілі і зноў кінулі ў лагер, а што здарылася з Іванам, яна не ведае…"

Гэтую ж гісторыю пісьменнік паўтарыў у сваёй апошняй, мемуарнай кнізе "Доўгая дарога дадому".

А незадоўга да смерці, у Празе, ён нечакана прызнаўся журналісту і публіцысту Віталю Тарасу: ніякага прататыпа не было, Джулія - персанаж цалкам прыдуманы…

- Мы шпацыравалі з Васілём Уладзіміравічам па Празе, ён паглядзеў на высокія ўзгоркі над Влтавай і раптам пачаў пра сваю "Альпійскую баладу", - успамінае Віталь Тарас. - Відаць, пад уплывам нейкі асацыяцыі. Ён згадаў інтэрв'ю, якое даваў шмат гадоў таму адной італьянскай журналістцы. У тым інтэрв'ю Быкаў "прызнаўся", што ў гераіні аповесці Джуліі быў рэальны прататып у жыцці. "А ведаеце, не было прататыпа. Гэта цалкам прыдуманы персанаж", - сказаў Быкаў. Ён сказаў гэта з сумнай, крыху сарамлівай усмешкай. Гэта было так нечакана, і я не стаў распытваць падрабязна пра гэта. Але Быкаў даў зразумець, што яму проста хацелася зрабіць нешта прыемнае для італьянцаў, таму ён і прыдумаў "рэальную" гісторыю.

"Я не веру, што Быкаў мог такое сказаць"

- Я не веру ў гэта! - кажа экранная Джулія - акторка Любоў Румянцава, для якой роля ў фільме "Альпійская балада" (1965 год, рэж. Барыс Сцяпанаў) стала візітоўкай. - Я добра памятаю, як на здымкі прыязджаў Быкаў і што ён мне тады сказаў. З мяне намагаліся зрабіць тыповую італьянку, як у кіно - з дакладнымі жэстамі, з тэмпераментам. Са мной працавала кансультантка - перакладніца італьянскіх фільмаў. Дык вось Быкаў мне тады сказаў: "Люба, вас вадзілі на прагляды італьянскіх фільмаў, каб вы з сябе італьянку рабілі. Не трэба. Джулія - гэта цалкам пэўная жанчына, якая жыве ў Рыме, з якой я лістуюся, якая запрашае мяне ў госці. Ідзіце ад сябе, грайце пэўную дзяўчыну". Я кінула думаць пра жэсты, і мяне гэта выратавала.

Потым, калі ўжо прайшла прэм'ера, прыходзілі лісты з вёсак. Людзі пісалі, што ведаюць бацькоў Івана, ведаюць, дзе ён жыл. Так што гэта не прыдуманая гісторыя. Я не веру, што Быкаў мог такое сказаць. Ён быў вельмі замкнёным чалавекам. Калі ён меў зносіны з людзьмі, ён узважваў кожнае слова.

- Вы шмат з ім камунікавалі падчас здымак?

- Не, ён адзін раз быў на здымках, прыязджаў у Цеберду, дзе фільм здымаўся, гэта Кабардына-Балкарыя. І адзін раз на агучванні.

- Што ён казаў пра фільм?

- Нічога. А мы і не пыталі. Ён не спрыял гэтаму. Мы так і не зразумелі, спадабаўся яму фільм ці не. Я толькі ўжо ў яго мемуарах прачытала, што фільм мог бы быць нашмат лепшым, калі б рэжысёр выкарыстаў артыстаў па поўнай праграме. І потым, у сцэнары, які ён сам напісаў, было шмат купюраў, яго парэзалі, пакінулі, па сутнасці, толькі любоўную лінію. Аповесць нашмат глыбей. Быкаў вельмі моцна пераймаўся.

Ён увогуле ніколі не пасміхаўся. Я бачыла яго ўсмешку толькі адзін раз. Гады праз два пасля здымак у Васіля Уладзіміравіча быў юбілей, віншавалі яго ў Доме актора. Мяне папрасілі павіншаваць ад імя кінастудыі. Гэта быў адзіны раз, калі я бачыла, што ён глядзіць на мяне і ўсміхаецца.

У першай рэдакцыі аповесці Джулія гінула

Пра тое, што Васіль Быкаў не быў гаваркім суразмоўцам, могуць распавесці ўсё, каго з пісьменнікам некалі зводзіў лёс. Паперы ён давяраў больш. Сярод нататак Быкава ёсць і такая (яна зроблена ў 1993 годзе ў "Пункцірах жыцця"): "Бунін піша ў дзёньніку, што ўсе свае творы выдумаў. Баюся сабе прызнацца, але, мусіць, і я таксама. А пасьля неяк сачыняў «гісторыю стварэньня», бо няёмка было прызнацца, што прыдумаў. Дый чытачам нецікава".

Дарэчы, адна з першых назваў аповесці - "Аб чым шумяць клёны". Да таго ж у ранняй рэдакцыі "Альпійскай балады" Джулія гінула, прычым забіваў яе ні хто іншы, як сам… Іван Цярешка. Пра гэта распавядаў Алесь Адамовіч: "У першапачатковай, да надрукаванай, рэдакцыі не было падобнага на цуд выратавальнага палёту Джуліі ў прорву. А было штосьці больш высокае паводле тону. Эсэсаўцы, загнаўшы свае ахвяры на пляцоўку перад смяртэльным абрывам, раптам убачылі, што атрымаўся неблагі тэатр…

… На фоне бязлітасна прыгожых горных вяршыняў, амаль як на пляцоўцы антычнага тэатра, разыгрываўся апошні акт сучаснай трагедыі: Іван вымушаны, павінен уласнай рукой забіць сваё нечаканае, нядоўгае шчасце, каб выратаваць Джулію ад пакут, ад катаў...».

Чаму ў апошні момант Быкаў выратаваў Джулію - гэта яшчэ адна таямніца "Альпійскай балады", якую нам ужо не разгадаць.

Італьянцам сцэнар Быкава не прадалі

Вядомы італьянскі кінарэжысёр Джузэпэ Дэ Сантыс вельмі хацеў зняць "Альпійскую баладу" і ў 1965 году звяртаўся да кіраўніцтва кінематаграфіі СССР прадаць сцэнар Васіля Быкава і правы на пастаноўку фільма. Сцэнар не прадалі. Фільм па ім зняў рэжысёр Барыс Сцяпанаў. Але цікавасць італьянцаў да "Альпійскай балады" была такая вялікая, што на здымкі ў Цеберду прылятала італьянская акторка, якую Дэ Сантыс хацеў зняць у ролі Джуліі. Ёй проста захацелася паглядзець на Любоў Румянцаву як на акторку, якой, як яна выказалася, "пашанцавала здымацца па творы Быкава".

А некалькі гадоў таму фільм "Альпійская балада" выпраўляўся на кінакірмаш у Каны. Еўрапейскія пракатнікі хацелі купіць яго, але пазней выявілася, што на "Беларусьфільме" не знайшлося аніводнай копіі карціны. Фільм быў зняты па замове Дзяржкіно СССР, і аўтарскія правы на яго "Беларусьфільму" не перадаваліся.

P.S. Сваякі і сябры Васіля Быкава заклікаюць адзначыць Дзень Народзінаў Пісьменніка як у Менску, на магіле Пісьменніка, так і ў яго Доме-музеі ў Бычках.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках