Улады баяцца агласкі па справе аб «жывым шчыце» (Фота)
4- 19.06.2008, 12:21
Судовы працэс па справе аб «жывым шчыце» на трасе Менск-Мікашэвічы пачаўся са скандалу. Нягледзячы на тое, што журналісты прыйшлі да будынка суду Менскага раёна яшчэ за гадзіну да пачатку паседжання, у залу яны так і не патрапілі.
Да моманту, калі ўнутр сталі прапускаць удзельнікаў працэсу, высвятлілася, што зала запоўненая невядомымі людзьмі і вольных месцаў няма, піша «Салідарнасць».
Пасля таго, як журналісты і адвакат пацярпелых Вера Страмкоўская звярнуліся да суддзі з патрабаваннем прапусціць прэсу, у залу былі дапушчаныя 10 чалавек, сярод якіх толькі некалькі журналістаў. Астатнім супрацоўнікі міліцыі перакрылі ўваход у будынак. У выніку каля двух дзясяткаў журналістаў дзяржаўных і незалежных СМІ засталіся на вуліцы, у тым ліку прадстаўнікі «Советской Белоруссии», тэлеканала «СТВ», «Россия», газеты «Автобизнес».
Журналістаў не прапусцілі нават для таго, каб напісаць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў суду. Прадстаўнік міліцыі Фёдар Сёмін, які стаяў на ўваходзе, забараніў таксама весці дыктафонны запіс і відэаздымку. Намстаршыні суду, які праходзіў ў гэты момант міма, пытанне журналістаў, чаму склалася такая сітуацыя, праігнараваў.
Не абыйшлося без правакацыяў. Мужчыны ў цывільным, якія стаялі па перыметры, і якія першапачаткова таксама падаваліся жадаючымі патрапіць на працэс, усімі сіламі спрабавалі перашкаджаць праходу журналістаў. Стоячы ля уваходу, яны заступалі дарогу прадстаўнікам прэсы, выкрыкваючы: «Чым іншыя людзі горш журналістаў? Прапускайце ўсіх!», аднак самі ўнутр будынку патрапіць нават і не спрабавалі.
У 11.15 Вера Страмкоўская выйшла да людзей і заявіла, што хадатайствавала, каб журналістам далі магчымасць прысутнічаць на паседжанні. У выніку была дасягнутая дамова, што па меры выхаду сведак у залу будуць запускаць па адным журналісце. Аднак улады дамагліся свайго: большасць не дапушчаных на суд журналістаў да гэтага часу ўжо раз'ехаліся.
Тым часам, па інфармацыі Інтэрфакс, пракурор запатрабаваў прызнаць праходзячых па справе ў якасці абвінавачваных супрацоўнікаў ДАІ вінаватымі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, прычыненні пагрозы жыцця і здароўю грамадзян. Даішнікі жа ў сваю чаргу заявілі, што не прызнаюць сваёй віны.






