9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскі адвакат можа памерці ў беларускай турме

4

Адмова даць арыштаванаму амерыканскаму юрысту Эмануілу Зэльцэру неабходныя лекі можа прывесці да смяротнага зыходу.

Такая выснова змешчана ў папярэдняй справаздачы амерыканскага лекара, які агледзеў Э.Зэльцэра 26 чэрвеня ў СіЗА беларускага КДБ. На аглядзе настаяла амбасада ЗША ў Менску.

Як паведаміў БелаПАН адвакат арыштаванага Зміцер Гарачка, са спасылкай на незалежнага эксперта, арыштаваны вельмі слабы, у яго назіраецца цягліцавая дыстрафія. Да таго ж, са словаў лекара, частка пігулак, якія прымае арыштаваны, выклікае ў яго новыя захворванні. Так, у яго адкрыўся верад. Ціск у Э.Зэльцэра, зафіксававаны амерыканскім адмыслоўцам, склаў 160/100.

Канчатковую справаздачу лекар з Нью-Ёрка дасць пазней, пасля знаёмства з гісторыяй хваробы Э.Зэльцэра. Папярэдняя справаздача ўжо даслана ў Дзярждэпартамент ЗША.

З.Горачка кажа, што не бачыць падставаў трымаць у часе следства ў СІЗА Э.Зэльцэра і яго сакратарку Уладлену Функ, пагатоў юрыст не можа трымацца пад вартай паводле стану здароўя. Раней беларускія праваахоўныя органы заяўлялі, што "стан здароўя дазваляе Зэльцэру знаходзіцца ў следчым ізалятары".

У інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік прэс-службы Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Надтачаеў назваў "прэцэдэнтам" агляд арыштаванага амерыканскага юрыста замежным лекарам, бо падобная працэдура беларускім заканадаўствам не прадугледжана. Прычынай, з якой КДБ пайшоў на гэты крок, было жаданне "прадэманстраваць сваю адкрытасць, гатовасць да дыялогу".

В.Надтачаеў засведчыў, што агляд амерыканскі спецыяліст здзяйсняў у складзе камісіі. З яго інфармацыі, выснова лекараў будзе агульная.

Кіраўнік прэс-службы КДБ таксама паведаміў, што неўзабаве Э.Зэльцэру "будзе высунута канчатковае абвінавачанне".

Амерыканскі юрыст Э.Зэльцэр і грамадзянка Расеі У.Функ былі затрыманыя 12 сакавіка ў Менску. Яны вінавацяцца ў выкарыстанні загадзя падробных дакументаў. Падрабязнасці арышту афіцыйна не каментуюцца, бо справа мае статус дзяржаўнай таямніцы.

27 траўня адносна Э.Зэльцэра была заведзена яшчэ адна справа - па ч. 1 арт. 328 (незаконная перавозка і захоўванне наркатычных сродкаў) і ч. 2 арт. 228 (кантрабанда наркатычных сродкаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Абвінавачанне па гэтай справе, якая не мае статусу дзяржаўнай таямніцы, пакуль не агучана. Сталы лекар Э.Зэльцэра неаднаразова звяртаўся ў Генпракуратуру са сведчаннем, што лекі, якія ў таго забралі пры затрыманні, яму жыццёва неабходныя. Ён таксама заявіў, што ніколі не інфармаваў свайго пацыента, што ў склад прэпаратаў уваходзяць рэчывы, якія могуць лічыцца наркатычнымі.

Плануецца, што 30 чэрвеня абвінавачаныя і іх адвакат пачнуць знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення амерыканскага адваката. 25 красавіка консул Злучаных Штатаў Амерыкі Кэралайн Сэвэдж сустракалася з арыштаваным. Са словаў консула, Зэльцэр паведаміў ёй, што "на другі і трэці дзень затрымання яго збівалі". Адвакат вельмі схуднеў, саслабеў, яму цяжка хадзіць, размаўляць.

Э.Зэльцэр - адвакат грамадзяніна ЗША Дж.Кея, які з'яўляецца далёкім сваяком грузінскага бізнэсмэна Бадры Патаркацышвілі. Пасля смерці 13 лютага Патаркацышвілі Дж.Кей паказаў дакументы, паводле якіх ён прызначаны выканаўцам завяшчання памерлага. Дакументы былі складзеныя Э.Зэльцэром, аднак сваякі Патаркацышвілі абвясцілі іх падробкай, пасля чаго Зэльцэр быў затрыманы ў Менску. 13 траўня суд Тбілісі прызнаў Кея выканаўцам завяшчання, пацвердзіўшы тым самым сапраўднасць дакументаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках