Беларускія ўлады не расплаціліся за расейскі газ
18- 27.06.2008, 8:40
Беларусь не выконвае сваіх абавязкаў па аплаце расейскага газу. Пра гэта паведаміла газета "Ведомости" са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе і "Газпроме".
У другім квартале 2008 года беларусы заплацілі за газ па коштах першага квартала, у той час як паводле дамовы ад 31 снежня 2007 года кошт на газ для Беларусі прывязаны да ўрапейскага кошту і ў першым квартале 2008 года склаў 119 даляраў, а ў другім - ужо 128 даляраў за тысячу кубаметраў газу. З красавіка краіна недаплачвае за газ па $9 за 1000 куб. м, сцвярджаюць "Газпром" і расейскія чыноўнікі.
Беларусь закупляе ў Расеі штогод каля 20 мільярдаў кубаметраў газу ў год. Такім чынам, пазыка за квартал можа скласці да 45 мільёнаў даляраў.
Міністр эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка паведаміў, што Менск аднавіў перамовы з Расеяй аб коштах на газ. З ягоных словаў, калі ў канцы 2008 года кошт перавысіць 140 даляраў за тысячу кубаметраў, то гэта негатыўна адаб'ецца на эканоміцы краіны і абумовіць дэфіцыт бюджэту ў Беларусі. Расейскі амбасадар у Беларусі Аляксандр Сурыкаў 9 чэрвеня абвясціў, што ў 2009 годзе кошт можа скласці 200 даляраў.
Сёння на двухбаковых перамовах расейскі і беларускі прэм'еры Уладзімір Пуцін і Сяргей Сідорскі могуць абмеркаваць любыя пытанні, у тым ліку гэтае, сказаў "Ведомостям" прэс-сакратар Сідорскага Аляксандр Цімашэнка.
Пытанне пра кошт на газ для Беларусі ўжо вырашана і абмяркоўваць няма чаго, заявіў "Ведомостям" чыноўнік урадавага апарата.