Эксперымент скончаны: дзеці будуць вучыцца 11 год
32- 5.06.2008, 14:46
У Беларусі прынятае рашэнне аб вяртанні да 11-гадовай агульнай сярэдняй адукацыі. Такім чынам, эксперымент Мінадукацыі з 12-гадовым навучаннем скончаны.
Аб гэтым заявіў журналістам першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Рубінаў па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, на якой разглядаліся пытанні агульнай сярэдняй адукацыі, паведамляе «Інтэрфакс».
"У нас будзе 11-гадовая школа, а не 12-гадовая, як гэта меркавалася раней. Пераход да 11-годкі добра распланаваны і пройдзе без узрушэнняў", - адзначыў першы намкіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі.
"Ніякіх узрушэнняў не будзе, бацькі могуць быць спакойныя, іх дзеці атрымаюць добрую адукацыю", - падкрэсліў А.Рубінаў.
Па словах А.Рубінава, "усё змены будуць накіраваныя толькі на паляпшэнне працы школы, каб лепш рыхтаваць вучняў". "Нам трэба падрыхтаваць не толькі спецыяліста, а грамадзяніна, які меў бы неабходныя веды і быў гатовы уступіць у жыццё", - адзначыў А.Рубінаў.
Ён заявіў, што "усё лепшае, напрацаванае ў школе захаваецца". "Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, каб не выраблялася ніякай ломкі, ім пастаўленая задача палепшыць якасць адукацыі не за кошт павелічэння тэрміна навучання, не за кошт перагрузкі вучня, а за кошт падвышэння якасці вучэбнага працэсу", - адзначыў першы намкіраўніка адміністрацыі прэзідэнта.
Нагадаем, што на днях з рэзкай крытыкай праекту дадзенага ўказу выступіў дэпутат “палаты прадстаўнікоў”, старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Ўладзімір Здановіч.
У эпітэтах “дэпутат” не скупіўся. Ён назваў "сапраўднай дыверсіяй" спробу ўвесці адзіную для ўсіх школ праграму навучання і замену паўнавартасных урокаў факультатыўнымі заняткамі па жаданні. "Становіцца відавочным, што зварот да 11-гадовага тэрміну навучання азначае пачатак новай рэформы, прычым рэформы, вядучай у пячорнае стагоддзе", — заявіў у інтэрв'ю БелаПАН Уладзімір Здановіч.