18.00, Кастрычніцкая плошча – акцыя салідарнасці
4- 14.07.2008, 9:01
Сёння ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска адбудзецца акцыя ў падтрымку дэмакратычных актывістаў, якія падвергнуліся масавым рэпрэсіям з боку ўладаў пасля выбуху падчас святкавання афіцыйнага Дня незалежнасці.
З патрабаваннем вызваліць затрыманых на плошчу прыйдуць прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных партыяў, якія збіраліся балатавацца ў дэпутаты на маючых адбыцца «парламенцкіх выбарах».
«Гэтая акцыя праводзіцца па ініцыятыве прэзідыўма Палітрады дэмакратычных сілаў. Фактычна гэта будзе пашыранае паседжанне прэзідыўма ў палявых умовах. На ім будзе прынятае і канчатковае рашэнне аб наступным фармаце ўдзелу партыяў у выбарчай кампаніі. Ува ўладаў яшчэ ёсць шанец спыніць махавік рэпрэсіяў, адпусціць затрыманых актывістаў дэмакратычных сілаў і пачаць нармальную выбарчую кампанію. У зваротным выпадку яны рызыкуюць атрымаць поўнамаштабны байкот выбараў», - заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.
Плануецца, што ўдзел у акцыі прымуць: старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснікі старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч, лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, іншыя вядомыя ў Беларусі людзі.
Акрамя таго, да іх далучацца і рэгіянальныя лідэры дэмакратычных сілаў, якія ўвайшлі ў адзіны выбарчы спіс.
Нагадаем, што нібыта па падазрэнні ў дачыненні да арганізацыі выбуху ў Менску былі арыштаваныя больш за 10 актывістаў апазіцыі. Трое з іх – актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Кур'яновіч, дэмакратычны актывіст Сяргей Высоцкі і сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Сергіенка былі вызваленыя са следчых ізалятараў у гэтыя выходныя. Аднак шматлікія актывісты застаюцца за кратамі. Допыты і ператрусы на кватэрах у дэмакратаў працягваюцца. На думку праваабаронцаў, улады выкарысталі выбух для ўзмацнення рэпрэсіяў супраць апазіцыі.