У турме застаюцца 10 актывістаў апазіцыі (абноўлена)
- 14.07.2008, 12:25
Па апошніх дадзеных праваабаронцаў, па справе аб выбуху ў Менску 4 ліпеня затрыманымі застаюцца 10 актывістаў апазіцыі.
У іх ліку — былыя ўдзельнікі ліквідаванага грамадскага аб'яднання "Беларускае згуртаванне вайскоўцаў" Віктар Ляшчынскі, Ігар Корсак, Міраслаў Лазоўскі і Сяргей Чыслаў, актывісты Партыі БНФ Ілля Богдан і Антон Койпіш, а таксама студэнтка Таццяна Пікун.
Яшчэ трое актывістаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі былі арыштаваны 11 ліпеня нібыта за “нецэнзурную лаянку”. Кірыл Паўлоўскі быў прысуджаны да 10 сутак арышту, Віталь Стажароў і Міхаіл Пашкевіч – да 15 сутак. Не выключана, што апазіцыянераў таксама дапытваюць па справе аб выбухах у Менску.
Увечары 12 ліпеня са следчага ізалятара КДБ былі вызваленыя актывіст моладзевай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі "Маладыя дэмакраты" Аляксандр Сергіенка, актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Павел Кур'яновіч і лідэр незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды Сяргей Высоцкі. Усе яны змаглі даказаць сваю недатычнасць да выбуху.
Нагадаем, у сувязі з масавымі затрыманнямі палітрада Аб'яднаных дэмакратычных сілаў разглядае магчымасць змены фармату ўдзелу прадстаўнікоў апазіцыі ў маючых адбыцца «парламенцкіх выбарах». "Замест таго каб шукаць сапраўдных злачынцаў, улада пачала выкарыстоўваць выбух у Менску 4 ліпеня для расправы з палітычнай апазіцыяй. У выпадку працягу рэпрэсіяў АДС разглядае магчымасць прыняць рашэнне аб змене фармату ўдзелу ў выбарчай кампаніі", — гаворыцца ў заяве лідэраў палітычных партыяў.
Лідэры партыяў таксама запатрабавалі ад генпракурора неадкладнай сустрэчы і абвясцілі аб сваім намеры выйсці 14 ліпеня ў 18 гадзін на Кастрычніцкую плошчу Менска, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі.
Афіцыйныя органы інфармацыю аб затрыманні прадстаўнікоў апазіцыі каментаваць адмаўляюцца.