9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Па падазрэнні ў дачыненні да выбуху ў Менску затрыманы грамадзянін Расеі

8

Сярод затрыманых па справе аб выбуху ў Менску падчас святкавання афіцыйнага Дня незалежнасці ёсць і расейскі грамадзянін. Гэта Ўладзімір Бялунін, яму 21 год, ён навучаецца ў адным з менскіх вну.

Як паведамілі карэспандэнту расейскай газеты «Взгляд» бацькі затрыманага, Бялунін цяжка хворы — у яго непацверджаны дыягназ анарэксія, і ён не можа нават нармальна есці.

Як паведаміла газеце «Взгляд» маці затрыманага, Тамара Бялуніна, сына забіралі некалькі разоў: спачатку 4 ліпеня, пасля іспыту, у гэты ж дзень у іх дома правялі ператрус і забралі сістэмны блок кампутара, мабільны тэлефон сына. Другі раз Уладзімір Бялунін патрапіў у міліцыю 9 ліпеня, пад вартай ён знаходзіцца дагэтуль.

Пры гэтым, па словах бацькоў, сын нікуды ў ноч з 3 на 4 ліпеня не выязджаў, а рыхтаваўся да іспытаў. «Ён адназначна быў дома», — заявіў бацька Ўладзіміра Сяргей Бялунін. Па ягоных словах, Уладзіміра бачылі не толькі яны, але і суседзі.

Тамара Бялуніна распавяла, што яны прыехалі з дзецьмі з Карачаева-Чаркесіі, дзе пражылі вялікую частку жыцця. «Мы ехалі ў стабільную Беларусь, адкуль я родам, і дзе калісьці нарадзіліся мае дзеці», — заявіла яна.

Жанчына падкрэсліла, што ні яна, ні яе сын не прыналежаць да апазіцыі і не прымаюць удзелы ў палітыцы Беларусі.

У пятніцу ў консульстве Расейскай Федэрацыі паведамілі, што яны зрабілі запыт аб затрыманым Бялуніне.

Як паведамілі «Взгляду» у турме на вуліцы Акрэсціна, дзе знаходзіцца Ўладзімір Бялунін, «па арт. 339 ч. 3 УК РБ затрыманне без прад'яўлення абвінавачвання можа быць да 10 сутак».

Пры гэтым дзяжурны дадаў, што «сведкі ў нас не сядзяць, сведкі на волі шпацыруюць».

Тамара Бялуніна асабліва хвалюецца таму, што, па ейных словах, паўтара гады таму сын сур'ёзна захварэў і з тых часоў схуднеў больш чым на 50 кг. Ён не можа нармалёва сілкавацца, і яму патрэбнае тэрміновае лячэнне.

«Мы як раз знайшлі прафесара, у якога магчыма атрымаецца лячыць сына. А ён не есць ужо пятыя суткі, як ён зможа прабыць гэтыя дзесяць сутак, невядома», — паведаміла Бялуніна. «Ён вельмі хоча есці, але есці не можа», — дадала яна.

«Мы просім, адпусціце яго па стане здароўя, — сказаў Сяргей Бялунін. — Пад любую распіску, пад што жадаеце».

Адвакат напісаў хадайніцтва, але Ўладзіміра Бялуніна так і не выпусцілі.

«Скажыце, да каго пайсці, я звалюся на калені, адпусціце хворае, ні да чаго не датычнае хворае дзіця!», — дадала Тамара Бялуніна.

Нагадаем, выбух у Менску прагучаў падчас святкавання Дня Незалежнасці.

У сувязі з расследаваннем на сёння затрыманыя больш за 10 чалавек, у асноўным гэта беларускія апазіцыянеры.

Паміж тым, у нядзелю стала вядома, што менская міліцыя шукае вінаватых метадам суцэльнага апытання жыхароў Менска. Галоўнае пытанне: «Дзе Вы былі ў ноч з 3 на 4 ліпеня?».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках