Лукашэнка падпісаў закон аб арфаграфіі: «тарашкевіца» неўзабаве будзе пад забаронай
26- 25.07.2008, 12:07
Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 ліпеня закон "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". 24 чэрвеня ён быў прыняты ў другім чытанні "палатай прадстаўнікоў".
Нагадаем, у законапраекце была захавана норма, згодна з якой дзяржаўныя органы, грамадскія аб'яднанні, арганізацыі, а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь і замежныя грамадзяне пры паўсюдным ужыванні беларускай мовы мусяць кіравацца правіламі арфаграфіі і пунктуацыі, хаця раней гэтае палажэнне дапаўнялася словамі "у афіцыйных адносінах".
Газеты таксама будуць абавязаныя карыстацца “унармаванай” беларускай мовай. Два выданні ("Наша нiва" і "Arche"), якія ўжываюць беларускі класічны правапіс, гэтак званую "тарашкевіцу", пасля ўвахода закона ў моц мусяць кіравацца зацверджанымі правіламі.
Паводле законапраекта, назовы вышэйшых дзяржаўных органаў улады будуць пісацца з вялікай літары.
Так, новымі правіламі прапануецца напісанне з вялікай літары назваў органаў улады, арганізацыяў, прадпрыемстваў, установаў, а таксама пасадаў, званняў і тытулаў. Напрыклад, пасля прыняцця гэтага законапраекта, у беларускай мове слова "прэзідэнт", "прэм'ер-міністр", "канстытуцыйны суд" будуць пісацца з вялікай літары.
Незалежныя эксперты выступаюць супраць паправак у закон. "Замацоўваючы новую рэдакцыю правапісу заканадаўча, мы моцна рызыкуем, бо на сёння ён недапрацаваны і няўчасны. Не адраджэнне "тарашкевіцы" стала тым "джынам", што перашкаджае далейшаму развіццю мовы. Праблема ў недакладнасцях сфармаванага ў 30-я гады правапісу, і гэтыя недакладнасці засталіся ў сённяшнім афіцыйным правапісе, якія хочуць замацаваць законам", - заявіў адзін з лідэраў Партыі БНФ, мовазнаўца Вінцук Вячорка.
Каментуючы прыняцце законапраекта ў першым чытанні мовазнаўца Зміцер Саўка зазначыў: "Што да такога рэзкага, адназначна палітычнага рашэння "палаты прадстаўнікоў", то яно, безумоўна, зробіць "тарашкевіцы" рэкламу. Але ў выніку да забароненых знакаў - бел-чырвона-белага сцяга і "Пагоні" - далучыцца яшчэ адзін забаронены нацыянальны знак - "тарашкевіца"", - лічыць Зміцер Саўка.