Сумленнага падліку галасоў не будзе: ва ўчастковых камісіях застаюцца толькі прызначэнцы
2- 18.09.2008, 17:28
Цэнтравыбаркам сёння адмовіўся разглядаць пытанне аб незаконнасці фарміравання ў Беларусі практычна ўсіх участковых выбарчых камісій.
Сябры ЦВК заявілі, што праверыць кандыдатуры ўсіх 69.865 сябраў участковых выбарчых камісій «немагчыма фізічна».
Нагадаем, што праваабаронцы, прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый намераваліся дамагацца фарміравання выбарчых камісій занава. Падставаў для гэтага шмат. Але галоўнае -- неадпаведнасць прынцыпаў фарміравання камісій Выбарчаму кодэксу. Артыкул 35 Выбарчага кодэкса прадугледжвае, што ад той ці іншай арганізацыі, таго ці іншага працоўнага калектыва ў склад выбарчай камісіі можа ўваходзіць толькі адзін чалавек. У Беларусі жа камісіі сфарміраваныя па прама супрацьлеглым прынцыпе. Напрыклад, дырэктар школы вельмі часта з'яўляецца старшынём камісіі, завуч гэтай жа школы - ягоным намам, а настаўнікі - радавымі сябрамі. Гэта значыць прысутнічае поўная падпарадкаванасць, і гэта абсалютна незаконна.
«Відавочна, што ЦВК не пажадаў разгледзець гэтае пытанне. Сябры Цэнтравыбаркаму не жадалі рэагіраваць на тое жудаснае становішча, якое існуе ва ўчастковых выбарчых камісіях. Гэта кажа аб тым, улады жадаюць захаваць недэмакратычныя прынцыпы падліку галасоў. Улада сама вызначае, хто будзе лічыць галасы на «выбарах», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 сябра Цэнтравыбаркаму з правам дарадчага голасу, прадстаўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімір Раманоўскі.
Колькасць дэмакратаў ва ўчастковых выбарчых камісіях складае ўсяго 0,07 адсотка ад агульнай колькасці сябраў участковых выбаркамаў.
Цэнтравыбаркам праігнараваў усе прапановы АДС, але рашэнне большасці апазіцыйных партый удзельнічаць у выбарчым фарсе да канца застаецца ў сіле.