Віктар Юшчанка: «Уступленне Ўкраіны ў НАТА выгоднае для абодвух бакоў»
- 24.09.2008, 14:23
Для Ўкраіны ўступленне ў Альянс і Еўразвяз стане не толькі гарантам абароненасці, але і магчымасцю павялічыць свой уклад у сусветную стабільнасць і бяспеку.
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка на сустрэчы з прадстаўнікамі НАТА ў Нью-Ёрку.
Ён падкрэсліў, што альтэрнатывы інтэграцыі ў ЕЗ і НАТА для Ўкраіны быць не можа. Акрамя таго, па словах Прэзідэнта, дадзены крок з'яўляецца ўзаемавыгодным і Ўкраіна не павінная іграць ролю атрымальніка або просьбіта.
Юшчанка ў які раз нагадаў, што Ўкраіна - адзіная краіна, якая ўдзельнічае ў міратворчых місіях НАТА не з'яўляючыся ягоным сябрам. Ён падкрэсліў, што высока шануе настрой ЗША адносна падтрымкі Ўкраіны на шляху да НАТА.
Нагадаем, што ўчора дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс зноў запэўніла кіраўніцтва Ўкраіны ў тым, што Вашынгтон падтрымлівае імкненне Кіева ўступіць у Паўночнаатлантычны Альянс.