Загінулі два кіраўнікі Бярозаўскай ДРЭС
- 25.09.2008, 11:53
Учора ўвечары трагічна загінулі два кіраўнікі Бярозаўскай ДРЭС, паведаміў кандыдат у дэпутаты па мясцовай акрузе, актывіст Партыі БНФ Юрась Губарэвіч.
Намесьнік дырэктара станцыі Васіль Проц, начальнік аддзелу капітальнага будаўніцтва Аляксандар Калоша, а таксама начальнік аднаго з цэхаў Сяргей Амельяновіч вярталіся ў Белаазёрск з нарады ў Берасьці. Мужчыны спыніліся на шашы, каб зайсьці ў кавярню, і калі пераходзілі дарогу, то ўсіх трох зьбіла машына. Проц і Калоша загінулі, а Амельяновіч знаходзіцца ў цяжкім стане ў рэанімацыі, паведамляе “Наша Ніва”.
Паводле Юрася Губарэвіч, Васіль Проц і Аляксандар Калоша адказвалі за рэканструкцыю ДРЭС.
«Сьмерць гэтых паважаных і вядомых людзей цяжкая страта, як для станцыі, так і для гораду.
На час жалобных мерапрыемстваў я прыняў рашэньне спыніць любую агітацыйную дзейнасьць у горадзе», — кажа Ю.Губарэвіч.