9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзярждэпартамент ЗША заблакаваў шэраг высокатэхналагічных праектаў у Беларусі

12

Шэраг высокатэхналагічных праектаў з удзелам амерыканскіх кампаніяў у Беларусі быў заблакаваны дзярждэпартаментам ЗША. На гэтым тыдні такую інфармацыю пацвердзіў прадстаўнік вядомага ў свеце кампутарнага вытворцы і навукова-тэхнічнага распрацоўшчыка Hewlett-Packard, рэгіянальны дырэктар гэтай карпарацыі ў Беларусі.

Паводле словаў рэгіянальнага дырэктара беларускага даччынага прадпрыемства кампаніі Hewlett-Packard ЗААТ «Х'юлет-Пакард Бел» Канстанціна Лявонава, у сувязі з дэпешай з ЗША, амерыканскі вытворца ўвесну адклікаў свае прапановы з тэндэру па разгортванні інфармацыйнай інфраструктуры канцэрна «Белнафтахім», праект якога рыхтаваўся доўгія месяцы. Гэта здарылася з-за таго, што кампанію Hewlett-Packard амерыканскія органы экспартнага кантролю папярэдзілі аб немагчымасці паставак высокатэхналагічнай апаратуры для «Белнафтахіма», перадае “Салідарнасць”.

На пытанне, ці купляў «Белнафтахім» пасля гэтага выпадку абсталяванне Hewlett-Packard ці стаў шукаць магчымасці набыцця высокапрадукцыйнай інфармацыйнай тэхнікі ў еўрапейскіх вытворцаў, Канстанцін Лявонаў адказаў:

- На такое пытанне вымушаны сказаць, што не ведаю.

Паводле інфармацыі з іншых крыніцаў, «Белнафтахім» вёў перамовы аб стратэгічным партнёрстве з адным з канкуруючых з HP вытворцаў з Еўразвязу, у якога, аднак, кошты нашмат вышэйшыя.

Канстанцін Лявонаў працуе ў Hewlett-Packard шмат гадоў, да ліпеня 2008 года ён займаў у маскоўскім офісе пост дарадцы генеральнага дырэктара HP у краінах СНД, таму добра разбіраецца ў сітуацыі і метадах каардынавання працы з ЗША.

-- Мы -- амерыканская кампанія. Таму з ЗША перыядычна прыходзяць дырэктывы, дзе названыя прадпрыемствы і арганізацыі, куды нельга пастаўляць нашу прадукцыю. Мы нічога з гэтым не можам зрабіць. Апошні раз у такім лісце значыліся 10 беларускіх кампаніяў, - сказаў Канстанцін Лявонаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках