У Віцебску ўсталяваны помнік Папе Рымскаму Іаану Паўлу II
1- 25.09.2008, 13:53
У Віцебску ўсталяваны помнік Папе Рымскаму Іаану Паўлу II. Ён узведзены каля будынка культурна-рэлігійнага цэнтра, які будуецца, што належыць прыходу Ісуса Літасцівага Віцебскай епархіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.
Аб гэтым паведаміў БелаПАН генеральны вікарый Віцебскай епархіі, ксёндз прыхода Ісуса Літасцівага Міраслаў Скачыляс.
Адкрыццё помніка адбылося 21 верасня і было прымеркаванае да 30-годдяю з моманту абрання Іаана Паўла II на пасад у Рыме.
"У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця і асвячэння помніка прынялі ўдзел апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Марцін Відовіч, ардзінарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін, амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін, консул Польшчы ў Менску Кшыштаф Свідэрэк і іншыя прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, а таксама шматлікія вернікі. Пасля літургіі адбыўся канцэрт менскага хору Społem . Гэты помнік стаў падарункам нашых сяброў з Польшчы, яны зрабілі яго на свае сродкі", — распавёў ксёндз прыходу.
Помнік, які паказвае пантыфіка ў момант блаславення людзей крыжом, разам з пастаментам мае вышыню каля 4,5 метра. На дошцы з чырвонага граніту — герб Іаана Паўла II і ягонае імя на польскай і беларускай мовах, а таксама гады жыцця (1920—2005).
Акрамя помніка 21 верасня ў Цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў "Задзвінне" адкрылася фотавыстава Міраслава Скачыляса, прысвечаная Іаану Паўлу II, якая цяпер працягвае сваю працу.
Па словах М.Скачыляса, у Віцебскай вобласці святкаванне 30-годдзя пантыфіката Іаана Паўла II праходзіць ужо амаль два месяцы. У верасні помнікі ў гонар яго былі адчыненыя ў Міёрах і Шуміліне.
Варта адзначыць, што самы першы ў Беларусі помнік, прысвечаны пантыфіку, з'явіўся таксама на Віцебшчыне — перад цэнтральнымі варотамі касцёла Святой Ганны ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна — праз некаторы час пасля ягонай смерці, 15 жніўня 2005 года. А у вёсцы Лучай Пастаўскага раёна ў чэрвені гэтага года адкрыўся помнік дзейснаму кіраўніку каталіцкай царквы — папе рымскаму Бенедыкту XVI.