9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Які беларускі суд пойдзе супраць рашэння ўладаў?

3

Менскі гарадскі суд 25 верасня прызнаў правамоцным рашэнне суду Цэнтральнага раёна, які адмовіўся разглядаць скаргу з нагоды незаконнасці фарміравання ўчастковых камісій.

Яе падалі 5 верасня ў суд Цэнтральнага раёна праваабаронца Гары Паганяйла, лідэр АГП і кандыдат у дэпутаты Анатоль Лябедзька, кіраўнік Выканкама АГП Ігар Шынкарык і актывісты партыі Аксана Крышчановіч і Аляксандр Сяргеенка. Яны заявілі, што дзеянні адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска па фарміраванні ўчастковых камісій з'яўляюцца незаконнымі і ўшчамляюць іх канстытуцыйныя і грамадзянскія правы.

Суд Цэнтральнага раёна адмовіўся разглядаць скаргу. Гэта матывавана тым, што ў Выбарчым кодэксе няма ўказанняў, што рашэнне выканкамаў па фарміраванні ўчастковых камісій можа быць абскарджана ў судзе. Заяўнікі абскардзілі гэтае рашэнне ў Менскім гарадскім судзе.

Нагадаем, што ні адзін са 151 вылучэнца АГП не быў уключаны ў менскія ўчастковыя камісіі. «Па якім крытэры адбываўся адбор у склады ўчастковых выбарчых камісій, невядома. Чаму перавага аддадзеная адным, а іншым адмоўлена — ні ў рашэнні, якое абскарджваецца, ні ў тлумачэннях службовых асоб адміністрацыі Цэнтральнага раёна не паказваецца. Нягледзячы на настойлівыя патрабаванні падаць для азнаямлення рашэнне і матэрыялы па фарміраванні ўчастковых камісій, нам у гэтым было адмоўлена», — адзначалася ў скарзе.

Гары Паганяйла і прадстаўнікі АГП звярталіся ў суд з просьбай прызнаць дзеянні адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска па фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій «ўшчамляючымі правы грамадзян і юрыдычнай асобы — Палітрады АГП, а само рашэнне — незаконным». І абавязаць адміністрацыю Цэнтральнага раёна прыняць новае рашэнне аб фарміраванні ўчастковых камісій з уключэннем у іх прадстаўнікоў АГП.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках