Кітайскія студэнты займаюць месцы беларусаў у інтэрнатах?
4- 5.09.2008, 12:43
Сёлета ў інтэрнаты некаторых вну патрапіць менш за палову іншагародніх студэнтаў. Астатнім прыйдзецца здымаць пакой або кватэру.
І калі за месца ў інтэрнаце трэба аддаць усяго 20 тысяч рублёў, то “койка-месца” на здыманай кватэры каштуе да 150 даляраў. “Еўрарадыё” вырашыла даведацца, як праходзіць засяленне студэнтаў, і што рабіць тым, каму месца не хапіла.
Прарэктар па выхаваўчай працы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя М.Танка Святлана Копцава паведаміла, што яны здольныя забяспечыць месцамі ў інтэрнаце толькі 38 адсоткаў іншагародніх студэнтаў. Гэта на 2% больш, чым летась.
Па словах прарэктара, ва ўніверсітэце вельмі шмат іншагародніх, таму месца на ўсіх не хапае:
“Уявіце сабе, 22% - мянчукі, а астатнія іншагароднія! А інтэрнатаў у нас усяго шэсць... І засяляецца ў нас толькі адсоткаў 38% ад колькасці тых, каму інтэрнат неабходны”, - кажа прарэктар.
“Нашыя студэнты на вакзале ня ночаць”, — кажа Святлана Копцава. Універсітэт ім дапамагае як можа – створаная база звестак з адрасамі і тэлефонамі гаспадароў, згодных даць прытулак студэнтам.
Для параўнання, месца ў інтэрнаце студэнту педагагічнага ўніверсітэту абыйдзецца ў 20 тысячаў беларускіх рублёў за месяц. Жыць на здыманай кватэры атрымліваецца ў 15 раз даражэйшым!
Якім жа чынам размяркоўваюцца месцы ў інтэрнатах сталічных вышэйшых навучальных установаў?
У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце растлумачылі, што ў першую чаргу засяляюць студэнтаў-палёгкавікаў. Па словах прарэктара ўніверсітэта Святланы Копцавай, добрыя шанцы на засяленне маюць “выдатнікі”, спартоўцы і маці-самотніцы, а таксама студэнты, бацькі якіх маюць нізкі матэрыяльны прыбытак.
Тым, хто не атрымаў месца ў інтэрнаце, дзяржава выплочвае кампенсаванне на аплату здыманага жылля, кажа прарэктар па выхаваўчай працы педагагічнага ўніверсітэту:
“Невялікі адсотак, але мы выплочваем усім студэнтам, якія жывуць на кватэрах. Гэта прыкладна каля 20 тысяч у месяц...”, - прызнаецца Копцава.
Гэтых грошаў хопіць, каб на “койка-месцы” у Менску пражыць два дні.
Прарэктар па выхаваўчай працы Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўніверсітэту Андрэй Гараноўскі кажа, што толькі 48 адсоткаў іншагародніх студэнтаў будуць заселенымі ў інтэрнаты. У першую чаргу гэта палёгкавікі, студэнты з малазабяспечаных сем'яў і “выдатнікі”.
Трохі лепшая сытуацыя ў галоўным універсітэце краіны. Сёлета ў БДУ месцы ў інтэрнатах атрымаюць каля 55% тых, хто ня мае жылля ў сталіцы. Амаль кожнаму другому навучэнцу ўніверсітэта прыйдзецца шукаць жыллё самастойна.
У рэгіёнах з інтэрнатамі сытуацыя меней напружаная. Так, у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава жыллём забяспечаць 85% студэнтаў. І гэта яшчэ ня лепшая сытуацыя — раней засялялі ўсіх.
“Летась мы на працягу году засялілі ўсіх, і нават платнікаў 1-курснікаў. Сёлета сытуацыя горшая. У нас забяспечанасць інтэрнатамі 85%. Раней, да 2006 году, яна была 100%. А сёлета нават ня ўсіх бюджэтнікаў-першакурснікаў змаглі засяліць...
Прычына ў тым, што з жылога фонду выйшаў адзін інтэрнат, на 200 чалавек. А другі момант — гэта тое, што ў нас ёсць студэнты-замежнікі, з Кітая. І яны ўвесь час прыбываюць...”, -- кажа прарэктар па выхаваўчай працы Ірына Бондал.
Калі месца ў інтэрнаце ўсё ж ня знойдзецца, студэнту прыйдзецца плаціць за жыллё гэтулькі ж, як і за навучанне. Каб зняць “койка-месца”, студэнту трэба будзе заплаціць каля 100 даляраў. За год – 1200.