26 красавiка 2024, Пятніца, 12:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёньня Дзень памяці ахвяраў Галакосту: у Беларусі загінула 805 тысяч габрэяў

2

27 студзеня – дзень вызваленьня канцлягеру Асьвенцім. З 2005 году гэты дзень адзначаецца як Дзень памяці ахвяраў Галакосту.

У гэтыя дні, 26 – 27 студзеня, у былым нацысцкім лягеры ў Асьвенціме праходзіць сэсія Эўрапарлямэнту, перадае «Радыё Свабода».

У сучасную гісторыю слова «Галакост» увайшло як вызначэньне палітыкі нацысцкай Нямеччыны, якая прывяла да вынішчэньня шасьці мільёнаў габрэяў у 1933 – 1945 гадох. Прафэсар, доктар гістарычных навук Эмануіл Ёфэ прысьвяціў вывучэньню тэмы галакосту ўсё сваё жыцьцё.

«У кастрычніку абараніў дысэртацыю «Генацыд габрэйскага насельніцтва Ўсходняй і Цэнтральнай Беларусі» Генадзь Віньніца. Ён родам з Воршы, але жыве ў Ізраілі. Фактычна ягоныя зьвесткі пацьвярджаюць і мае дасьледаваньні: ён скрупулёзна вёў падлікі. Ахвярамі галакосту сталі 715 тысяч беларускіх габрэяў і каля 90 тысяч замежных габрэяў з эўрапейскіх краінаў. Такім чынам, на беларускай зямлі загінула 805 тысяч габрэяў», - кажа прафэсар.

Эмануіл Ёфэ вельмі ганарыцца тым, што ягоныя вучні таксама вывучаюць тэму Галакосту. Пад навуковым кіраўніцтвам прафэсара хутка будзе абараняцца чацьверты малады гісторык.

«Ляжыць у мяне на стале дысэртацыя Сяргея Тукалы «Генацыд і барацьба габрэяў у менскім гета». Гэта будзе ўжо чацьвертая дысэртацыя па галакосьце. У 2000 годзе абараніўся Яўген Разенблат зь Берасьцейскага ўнівэрсытэту на тэму «Галакост на тэрыторыі Заходняй Беларусі». У мінулым годзе абаранілася Алеся Корсак па генацыдзе габрэйскага насельніцтва Віцебшчыны. Увосень абараніўся Генадзь Віньніца», - узгадвае ён.

Што да вывучэньня тэмы Галакосту ў школах і вну, то пакуль што гэта робіцца неглыбока, нягледзячы на тое, што ў 1993 годзе было прынятае рашэньне ўвесьці адмысловы курс у школе.

«Фактычна яно да цяперашняга часу ня выканана. Курсу такога няма, на вялікі жаль, як у Расеі, ва Ўкраіне. У 2005 годзе выйшаў спэцыяльны дапаможнік для вну па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. І там гаворыцца толькі аб уцёках габрэяў. Урэшце прызналі, што быў Галакост, былі ўцёкі габрэяў, а пра паўстаньні, што былі ў шэрагу гета Беларусі, нічога няма, быццам бы паўстаньняў не было», - зазначае Эмануіл Ёфэ.

Інстытут памяці ахвяраў Галакосту і габрэйскага супраціву «Яд Вашэм» штогод прысуджае тытул «Праведнік сьвету» людзям розных нацыянальнасьцяў, якія, рызыкуючы жыцьцём, ратавалі габрэяў ад нацысцкага генацыду. Ратавалі габрэяў у гады вайны й беларусы. Больш за 500 беларусаў уганараваныя мэдалём «Праведніка сьвету».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках