Спікер «палаткі» не выключае разгляду пытання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі
2- 2.10.2009, 9:42
Пытанне аб прызнанні незалежнасці тэрыторыяў Грузіі можа быць разгледжанае «парламентам» Беларусі на восеньскай сесіі.
Гэтае пытанне будзе разгледжанае толькі пасля сур'ёзнага аналізу і дэталёвага вывучэння наяўных фактаў, заявіў старшыня «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага схода» Беларусі Уладзімір Андрэйчанка ў інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс».
«Я не выключаю такой магчымасці. Аднак, як і любое іншае пытанне ці законапраект, яно павінна быць адпаведным чынам падрыхтаванае профільнай пастаяннай камісіяй і ўнесенае ў парадак дня сесіі. Тым больш, калі гаворка ідзе пра наступствы ваеннага канфлікту, такое пытанне патрабуе максімальна скрупулёзнага вывучэння і надзвычай узважанага падыходу», - адзначыў спікер ніжняй палаты беларускага парламента.
«Паглядзіце, колькі разоў гэтая праблематыка абмяркоўвалася на сесіях ПАРЕ і ПА АБСЕ, як доўга працавала над сваім дакладам адпаведная камісія Еўрапейскага звяза», - сказаў Андрэйчанка.
Таму, па словах старшыні палаты, «гэтае пытанне можа быць вынесенае на абмеркаванне дэпутацкага корпуса толькі пасля дэталёвай прапрацоўкі ўсіх фактаў, якія маюцца ў нашым распараджэнні, і сур'ёзнага аналізу сітуацыі ў комплексе».