Улады пачалі эканоміць на ветэранах і сіротах
27- 9.10.2009, 9:16
Насуперак уласным запэўніванням беларускі ўрад усёткі пачаў скарачаць сацыяльныя праграмы.
Першай пад «нож» эканоміі патрапіла трохгадовая праграма развіцця і аптымізацыі сеткі ўстановаў сацыяльнага абслугоўвання Беларусі, паведамляе «Ежедневник».
Праграма развіцця і аптымізацыі сеткі ўстановаў сацыяльнага абслугоўвання была зацверджаная ўрадам у верасні 2007 года і была разлічаная да 2010 года. Яна мела за мэту арганізацыю жыццядзейнасці грамадзянаў, знаходжанне якіх у хатніх умовах з шэрагу прычынаў немагчымае. Гаворка ідзе пра забеспячэнне сеткай стацыянарных установаў сацыяльнага абслугоўвання інвалідаў, ветэранаў, дзяцей-сіротаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і г.д. – усіх тых, хто сам пра сябе паклапаціцца не ў стане. Праграма прадугледжвала, што да 2010 года цалкам знікне чарга і ўсе 100% грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў доглядзе, атрымаюць сваё месца ў інтэрнаце ці ў доме інвалідаў. Вось менавіта гэтыя людзі першымі ў сацыяльным асяроддзі і стануць ахвярамі крызісу.
Па-першае, урад урэзаў аб'ём фінансавання праграмы з 213,498 млрд да 171,114 млрд рублёў. З улікам дэвальвацыі рубля агульнае зніжэнне фінансавання сацыяльнай праграмы склала больш за 50%. Пры гэтым калі раней гэтыя грошы павінны былі быць укладзеныя да 2010 года, дык цяпер – да 2011 года. Гэта значыць калі пералічыць па гадах, дык падзенне дзяржаўнай падтрымкі гэтага сацыяльнага накірунку будзе яшчэ больш істотным. Адпаведна, значна менш будзе выканана запланаваных мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку грамадзянаў, якія самі пра сябе паклапаціцца не могуць.
Так, за кошт новага будаўніцтва планавалася дадаткова стварыць 778 месцаў у дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў. Цяпер – усяго 150. Як кажуць, адчуйце розніцу. За кошт рэканструкцыі перададзеных у аператыўнае кіраванне камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне будынкаў, які не выкарыстоўваюцца, планавалася стварыць яшчэ 970 месцаў у інтэрнатах, цяпер – толькі 570. Праз перапрафіляванне дзейсных стацыянарных установаў сацыяльнага абслугоўвання ўрад меў намер увесці ў стацыянарах 363 месцы, цяпер – 223.
Пэўную кампенсацыю тым, каму патрэбная дапамога, ўрад дасць за кошт стварэння дадатковых месцаў у дзейсных інтэрнатах. Калі раней па рэспубліцы планавалася стварыць 50 месцаў, дык цяпер – 178. Аднак дадаткова створаныя да 2011 года 128 месцаў у дзейсных установах толькі ў малой ступені кампенсуюць страчаныя 968 месцаў, якія планавалася стварыць раней.
Пацярпелі і дзеці-інваліды ў сельскай мясцовасці. Як канстатавала ў 2007 годзе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, структура цэнтраў, якая існуе, не забяспечвае паўсюдную пераемнасць пераходу выпускнікоў з ліку дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з цэнтраў карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі Міністэрства адукацыі ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паколькі на сённяшні дзень толькі ў 25 цэнтрах адкрытыя аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў. Гэтыя праблемы планавалася вырашыць за кошт адкрыцця ў сельскіх населеных пунктах дадаткова 35 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для грамадзянаў сталага ўзросту і інвалідаў на 1106 месцаў. Цяпер урад створыць да 2011 толькі 23 цэнтры на 570 месцаў.
Паводле дадзеных Мінпрацы і сацыяльнай абароны, у цяперашні час самі не могуць паклапаціцца пра сябе 103 тыс. беларускіх грамадзянаў. Калі раней да 2010 года іх усіх планавалася забяспечыць доглядам, дык цяпер урад гатовы ўзяць на сябе клопат толькі пра 90 тыс. і толькі да 2011 года. Каля 13 тыс. інвалідаў і ветэранаў па-ранейшаму вымушаныя будуць клапаціцца пра сябе самі, хаця і не здольныя на гэта.