Стывену Спілбергу ўручылі медаль Свабоды
- 9.10.2009, 10:27
Амерыканскі прадзюсар і рэжысёр Cтывен Спілберг у чацвер быў узнагароджаны медалём Свабоды, які прысуджаецца Нацыянальным канстытуцыйным цэнтрам ЗША.
Як перадае агенцтва Associated Press, узнагароду Спілбергу ўручыў былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. Цырымонія ў будынку цэнтра, размешчанага ў Філадэльфіі, штат Пенсільванія, пачалася з дэманстрацыі фрагментаў фільмаў рэжысёра.
Спілберг зняў шэраг карцінаў на актуальныя тэмы, а таксама заснаваў дабрачынны фонд, які, у прыватнасці, займаецца складаннем вуснай і відэагісторыі Халакоста, нагадвае агенцтва.
Медаль Свабоды прысуджаецца з 1989 года тым асобам і арганізацыям, чыя дзейнасць ілюструе асноватворныя прынцыпы, закладзеныя ў падмурак ЗША. У розныя гады лаўрэатамі медаля Свабоды Нацыянальнага канстытуцыйнага цэнтра сталі Лех Валенса, Джымі Картэр, Кофі Анан, Віктар Юшчанка і Міхаіл Гарбачоў.