Аляксандра Ярашука затрымалі на беларуска-літоўскай мяжы
1- 9.10.2009, 15:27
8 кастрычніка старшыню Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука затрымалі на беларуска-літоўскай мяжы супрацоўнікі беларускай памежнай службы.
Лідэр незалежнага прафцэнтра накіроўваўся ў Друскінінкай для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі прафсаюзнай сеткі Еўрарэгіёна «Нёман». Дагляд асабістых рэчаў Аляксандра Ярашука цягнуўся больш за гадзіну. Яго таксама абавязалі запоўніць дэкларацыю.
Гэта ўжо не першы выпадак праявы падвышанай увагі спецслужбаў да лідэра БКДП за апошні час. Напрыклад, 26 верасня Аляксандр Ярашук вяртаўся з Тбілісі, дзе ўдзельнічаў у з'ездзе грузінскіх прафсаюзаў. У Нацыянальным аэрапорце «Менск-2» палітыка таксама затрымалі для дбайнага дагляду багажу.
Лідэр БКДП упэўнены, што такім чынам улады мэтанакіравана спрабуюць аказаць на яго псіхалагічны ціск. Тым самым яны выказваюць незадаволенасць яго прынцыповай пазіцыяй і актыўнай дзейнасцю БКДП па абароне правоў прафсаюзаў і працаўнікоў. Напярэдадні ўвечары, 7 кастрычніка, Аляксандр Ярпшук праводзіў мітынг БКДП, прысвечаны Сусветнаму дню барацьбы за годную працу, а на наступны дзень быў падвергнуты зневажальным працэдурам на беларуска-літоўскай мяжы. З пэўнай доляй ўпэўненасці можна сказаць, што такія інцыдэнты будуць працягвацца.