18 траўня 2024, Субота, 21:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінздароўя паставіў «бар'ер» для пакупнікоў «Таміфлю»

90
Мінздароўя паставіў «бар'ер» для пакупнікоў «Таміфлю»

У менскіх аптэках супрацьвірусны прэпарат «Таміфлю» прадаецца толькі па рэцэптах з гербавай пячаткай і з подпісам загадчыка аддзяленнем паліклінікі.

Пра гэта «Беларускім навінам» паведамілі ў аптэцы «Белфармацыя» № 45. «Арпетол» і аксалінавую мазь шукаць трэба днём з агнём.

Па словах супрацоўніка аптэкі, 12 лістапада прыйшоў ліст за подпісам міністра аховы здароўя Васіля Жарко аб арганізацыі гандлю прэпаратам «Таміфлю». У лісце зазначаецца, што «Таміфлю» вытворчасці Швейцарыі можа рэалізоўвацца толькі па рэцэптах з гербавай пячаткай. На рэцэпце таксама павінен быць подпіс загадчыка аддзяленнем паліклінікі.

Гэта азначае, што цяпер нельга выклікаць урача і з яго рэцэптам пайсці ў аптэку. Каб паставіць усе подпісы і пячаткі, неабходна пацыенту ці сваяку прыйсці ў паліклініку. Такая мера, патлумачылі ў аптэцы, прынятая ў сувязі з падвышаным попытам на супрацьвірусны прэпарат у менскіх аптэках.

Кошт упакоўкі «Таміфлю» з 10 таблетак складае 112 700 рублёў.

Нават, нягледзячы на такі высокі кошт, набыць гэтыя лекі ў айчынных аптэках вельмі складана. З такой сітуацыяй, у прыватнасці, сутыкнуліся сваякі хворых з Гомеля, якія маюць скрайнюю патрэбу ў «Таміфлю».

Сваякі адной з жыхарак Гомеля, якая з двухбаковай пнеўманіяй знаходзіцца ў цяжкім стане ў рэанімацыі абласнога сухотнага шпіталя, паведамілі, што ўрачы параілі ім набыць прэпарат «Таміфлю». Маладая жанчына з падазрэннем на пнеўманію была накіраваная ў адзін са шпіталёў Гомеля, але адтуль яе адправілі дадому, бо нібыта дыягназ не пацвердзіўся. Потым ёй ізноў стала дрэнна, узнялася высокая тэмпература, і яе даставілі ў інфекцыйны шпіталь, а адтуль у цяжкім стане — у абласны сухотны шпіталь.

«Мы ўвесь час пыталіся ва ўрачоў, можа, патрэбныя дадатковыя лекі. Але нам адказвалі, што ўсё ёсць. І вось што адбылося: дачка на мяжы жыцця і смерці. Чаму яны раней нам не сказалі, што трэба шукаць гэты прэпарат «Таміфлю»? — задаецца пытаннем маці хворай.

Сваякі яшчэ аднаго хворага, 35-гадовага мужчыны, які знаходзіцца ў рэанімацыі сухотнага шпіталя, таксама занятыя пошукамі «Таміфлю». Мужчына патрапіў з пнеўманіяй у пачатку тыдня ў адзін з раённых шпіталёў, 12 лістапада яго перавялі ў абласны сухотны шпіталь. Зараз ён знаходзіцца ў рэанімацыі. Намеснік галоўурача абласнога сухотнага шпіталя Аляксандр Шыраеў паведаміў, што да яго са скаргамі ніхто са сваякоў не звяртаўся, а прэпарат «Таміфлю» размеркаваны Міністэрствам аховы здароўя і «праз паўгадзіны ён будзе ў шпіталі».

Што датычыць традыцыйных супрацьвірусных прэпаратаў, дык аптэкі Менска па-ранейшаму не ў стане задаволіць падвышаны попыт на «Арпетол» і аксалінавую мазь. Пры гэтым Мінздароўя яшчэ 12 лістапада заяўляў, што лекаў на аптэчных складах сталіцы дастаткова.

Напісаць каментар 90

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках