13 чэрвеня 2026, Субота, 19:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За што Мясніковіч звольніў легендарную дырэктарку «Акадэмкнігі»?

27
За што Мясніковіч звольніў легендарную дырэктарку «Акадэмкнігі»?

З Соф’яй Жыбулеўскай, якую ведае кожны менскі кнігалюб і пісьменнік, проста не працягнулі кантракт.

Соф’ю Антонаўну Жыбулеўскую ведае кожны менскі кнігалюб альбо літаратар. Варта пабачыць найлепшы ў Менску асартымент беларускіх кніг, каб зразумець, што тут ёсць вялікая заслуга кіраўніка кнігарні. Да таго ж, «Акадэмкніга» — рэдкая кніжная крама, якая ахвотна прымае на камісію кнігі ад саміх пісьменнікаў. Выбар навуковай і даведачнай літаратуры тут — найлепшы ў краіне. Цяпер ужо былая дырэктарка Соф’я Жыбулеўская ўзначаліла «Акадэмкнігу»ў 1997 годзе. І ёй давялося адраджаць кнігарню практычна з нуля, паведамляе «Еўрарадыё».

«Таму што на той час там прадаваліся зусім іншыя тавары: футра, касметыка, аўдыё-відэатэхніка, і ўсё такое, што не ўласціва кніжнаму гандлю», - распавядае Жыбулеўская.

За 12 гадоў, якія Соф’я Антонаўна ўзначальвала кнігарню, сітуацыю ўдалося выправіць, вельмі хутка «Акадэмкніга» стала ці не самай вядомай кніжнай крамай у краіне. Неверагодна, але таваразварот «Акадэмкнігі» практычна зраўняўся з таваразваротам кнігарні «Светач», чые плошчы, увага, у 3,5 разы большыя! Вытворчасць працы на аднаго супрацоўніка і таваразварот на квадратны метр плошчы ў «Акадэмкнізе» — самы высокі ў краіне! Але славутую дырэктарку нечакана звальняюць. За што? Можа, былі нейкія недакладнасці ці парушэнні ў яе працы?

«За гэты час, што я працавала ў кнігарні, ніколі да мяне ніякіх пытанняў не было. Парушэнняў не было», - адзначае Соф’я Жыбулеўская.

Тым не менш, звольнілі Соф’ю Антонаўну вельмі непрыгожым чынам.

«Яно было вельмі так абстаўлена непрыгожа. Мне прапаноўвалі, мабыць, цягам паўгода звольніцца па асабістым жаданні. Але я не хацела. Думала — калі ёсць за што, хай звальняюць. Тэлефанавалі, шмат разоў тэлефанавалі. І калі я была ў Акадэміі навук, мне прапаноўвалі там асабіста таксама пісаць заяву на звальненне. Але я вырашыла: як будзе — так будзе. І мне да сённяшняга дня балюча…», - кажа жанчына.

Супрацоўнікі крамы, калі даведаліся пра звальненне дырэктаркі, напісалі калектыўны ліст кіраўніку Акадэміі навук Міхаілу Мясніковічу — бо менавіта Акадэміі навук падпарадкоўваецца «Акадэмкніга». Але адказу не атрымалі.

«Калектыў быў вельмі ўсхваляваны, узрушаны. Канешне, мы працавалі як адна сям’я, калектыў вельмі прафесіійны, усё ў нас было вельмі ладна. Але адказу калектыў так і не атрымаў…», - паведаміла Жыбулеўская.

Дырэктарка спрабавала патрапіць на прыём да Міхаіла Мясніковіча. Не для таго, каб прасіць не звальняць яе, але каб даведацца пра далейшы лёс кнігарні.

«Я хацела патрапіць да яго на прыём, патэлефанавала ў прыёмную, каб мяне запісалі. Я хацела разам са сваім намеснікам пабываць на прыёме ў Мясніковіча Міхаіла Уладзіміравіча. Але ён нас так і не запрасіў. Я хацела паразмаўляць пра будучыню кнігарні. Хто будзе кіраваць далей, каб збераглося тое, што было напрацавана…», - скардзіцца жанчына.

Аналізуючы прычыны, чаму з ёй маглі так абыйсціся, Жыбулеўская згадвае, што яшчэ з 2004 года намеснік дырэктара выдавецкага дома «Беларуская навука» Станіслаў Нічыпаровіч стаў прасіць Мясніковіча аддаць «Акадэмкнігу» яму. Але Соф’я Антонаўна выступіла рашуча супраць, адстойваючы самастойнасць кнігарні.

«Кнігарні непатрэбнае такое аб’яднанне, таму што яна губляе самастойнасць. Тут такі яшчэ момант: хто будзе камандаваць? Гэта вельмі важна. Бо многія кніжнікі ведаюць, што магло б быць з кнігарняй… Я асабіста была супраць. Крама павінна быць самастойнай. І павінна быць пад пільным вокам нашай Акадэміі навук. Там павінна быць толькі навуковая кніга. Каб навукоўцы не ездзілі зноў у Маскву па кнігі — як гэта было да таго, як адчынілася «Акадэмкніга»…», - упеўнена Жыбулеўская.

Такім чынам, легендарную дырэктарку кніжнай крамы «Акадэмкніга» Соф’ю Жыбулеўскую кіраўнік Акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч звольніў без тлумачэння прычынаў, проста не працягнуўшы кантракт. Соф’я Антонаўна паўстала супраць перадачы кнігарні ў рукі структуры «Беларуская навука», баючыся, што кнігарня страціць самастойнасць, а на паліцах з’явіцца розная макулатура. Выглядае, што пры перадзеле ўплываў прынцыповая дырэктарка паўстала перашкодай.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках