Апазіцыянера аштрафавалі за сарваную ў метро налепку «Плошча Леніна»
12- 23.11.2009, 16:46
У Першамайскім судзе Менска адбыўся суд над актывістам партыі БХД Кастусём Шыталем.
Як паведамляе «Радыё Рацыя», 3 кастрычніка ў вагоне метро Кастусь Шыталь быў затрыманы за тое, што спрабаваў садраць налепкі з назвай «Плошча Леніна».
Ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і адведзены ў пастарунак, дзе на яго склалі пратакол аб правапарушэнні. 23 лістапада суд Першамайскага раёна Менска аштрафаваў актывіста БХД на 1.050.000 рублёў за «пашкоджанне дзяржаўнай маёмасці».
«Прысуд быў вынесены на падставе пратаколаў, паказанняў сведкі і фотаздымкаў пашкоджаннага плаката. Суддзя прапанаваў мне выбраць: альбо штраф, альбо суд. І ўрэшце мне далі штраф у памеры 30 базавых велічыняў, гэта больш за мільён беларускіх рублёў. Такім чынам, з мяне спагналі ў 150 разоў больш за нанесены мной «урон», - заявіў Шыталь пасля суда.
У інтэрв’ю «Белорусскому партизану» Кастусь Шыталь адзначыў: «Я не хачу сказаць, што мяне затрымалі незаконна. Усё слушна. Калі не ўлічваць той факт, што плошча Леніна даўно мае назву Незалежнасці».