Суды апраўдваюць незаконныя арышты апазіцыянераў
7- 13.11.2009, 14:36
Кіраўніку Кобрынскай арганізацыі Партыі БНФ Аляксандру Меху прыйшоў адказ з раённага суда па факце яго арышту падчас «Дажынак».
19 верасня напярэдадні прыезда ў Кобрын, дзе сёлета праходзілі «Дажынкі», Аляксандра Лукашэнкі быў арыштаваны Аляксандр Мех. Падчас прагулкі разам з сынам у гарадскім парку ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў мясцовае РАУС. Як пазней сцвярджалі міліцыянты, у дзяжурную частку патэлефанаваў ананім і паведаміў, што Мех накіроўваецца ў цэнтр горада, дзе праходзяць святочныя мерапрыемствы, са зброяй.
У аддзяленні міліцыі ў дачыненні да Аляксандра Меха склалі пратакол затрымання, у якім кажацца, што палітык быў затрыманы нібыта «па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства». Зразумела, што ніякай зброі ў актывіста Партыі БНФ не знайшлі, але ў РАУС яго пратрымалі больш за тры гадзіны.
«Пасля незаконнага затрымання і вобшука без прысутнасці панятых я падаў заяву ў Кобрынскую пракуратуру на імя пракурора Міхаіл Запарошчанкі. Аднак мая заява была перанакіраваная. У выніку я атрымаў адказ ад старэйшага следчага пракуратуры Кобрынскага раёна Дзяшко. Ён адказаў, што прыкмет злачынства ў дзеяннях супрацоўнікаў РАУС, якія мяне затрымлівалі, няма», -- распавёў у інтэрв’ю сайту charter97.org Аляксандр Мех.
Актывіст падаў скаргу ў суд Кобрынскага раёна. Адказ суда збянтэжыў апазіцыянера.
«Суд адказаў, што мая заява не прымаецца, бо… не было пастановы на мае затрыманне. То бок само затрыманне было, быў складзены пратакол затрымання, а пастановы не было!»
І сапраўды, у адказе за подпісам старшыні суда Кобрынскага раёна С.В. Дзягіля сказана: «… улічваючы, што па факце Вашага затрымання не была вынесена пастанова аб затрыманні, Вы былі вызвалены, законных падстаў у адпаведнасці з арт. 143 УПК РБ для разгляду Вашай скаргі на затрыманне не маецца».
Аляксандр Мех называе адказ суда «здзекам з закона».
«Гэта не проста беззаконне. Гэта альбо няведанне заканадаўства альбо здзек з яго, -- заяўляе апазіцыянер. – Старшыня раённага суда Дзягель мусіць быць прафесіяналам, а яго адказ паказвае адваротнае».
Зараз Аляксандр Мех мае намер падаць скаргу ў Берасцейскі абласны суд.