Журналістку «Радыё Рацыя» папярэдзіла пракуратура
3- 26.11.2009, 9:58
Папярэджанне ў пісьмовай форме незалежная журналістка Тамара Шчапёткіна з Бярозы атрымала пасля гадзіннай «размовы» з намеснікам пракурора Фёдарам Міховічам.
Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Тамара Шчапёткіна 24 лістапада атрымала позву з запрашэннем з'явіцца ў раённую пракуратуру ў якасці сведкі. Аднак у пракуратуры журналістцы было вынесенае пісьмовае папярэджанне за прафесійную дзейнасць.
«Мяне папярэдзілі за працу на неакрэдытаванай на тэрыторыі Беларусі польскай радыёстанцыі «Радыё Рыцыя», -- распавядае Тамара Шчапёткіна. -- Напісаныя два даносы: я нядаўна брала інтэрв'ю ў галоўнага ўрача Малейцінай Нэлі і ў камандзіра вайсковай часткі. Паведаміла, што я свабодны журналіст, збіраю і прадаю інфармацыю, паколькі і мне трэба жыць і вучыць дачку-студэнтку. Тым не менш, у іх былі нарыхтаваныя бланкі з папярэджаннямі, толькі заставалася паставіць свой подпіс. На бланку я напісала, што з папярэджаннем не згодная».
У бярозаўскай пракуратуры Тамары Шчапёткінай заявілі, што ў выніку паўторнага папярэджання яна будзе прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці.