Ідэолагі цэнзуруюць гістарычныя кнігі
4- 26.11.2009, 15:47
Прэзентацыю краязнаўчай кнігі слонімскага настаўніка-пенсіянера Мікалая Ракевіча забараніў ідэалагічны аддзел Слонімскага райвыканкама.
Кнігу з назвай «Радзімы кут мой» аўтар выдаў самастойна накладам у некалькі дзесяткаў асобнікаў. У ёй распавядаецца пра гісторыю вёсак Азярніцкага сельсавета, перадае «Еўрарадыё».
Прэзентацыю Мікалай Ракевіч планаваў правесці ў цэнтральнай бібліятэцы Слоніма. Аднак працаўнік ідэалагічнага аддзела Канстанцін Дзятчык знайшоў «крамолу» ў кнізе.
«Па-першае, кніга асабістага характару і, па-другое, некаторыя параграфы з пункту гледжання этыкі не адпавядаюць... Мне хапіла таго, што я перад ім яе прагартаў і часткова прачытаў, і зрабіў такую выснову», -- заявіў ідэолаг.
Сам Мікалай Ракевіч лічыць, што прычынай забароны стаў не змест кнігі, а яго шматгадовая грамадская дзейнасць (у 1990-я ён ачольваў слонімскае аддзяленне Партыі БНФ).
«Відаць, гэта мая грамадская дзейнасць, мае погляды не супадаюць з некаторымі " «светлымі» галовамі», - адзначае Мікалай Ракевіч.