Лябедзька: «Дэпутаты і прэзідэнт будуць па-ранейшаму прызначацца»
14- 30.11.2009, 14:07
«Палата прадстаўнікоў» пачала разглядаць праект закона аб унясенні дадаткаў і зменаў у Выбарчы Кодэкс.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што ўлады пакідаюць «закрытай працэдуру падліку галасоў, а, значыць, дэпутаты ў Беларусі па-ранейшаму будуць прызначацца, а не абірацца». «Тое ж самае можна сказаць і пра прэзідэнцкія выбары», - адзначыў палітык у інтэрв’ю сайту ucpb.org.
«Калі прааналізаваць прапанаваныя змены, то варта прызнаць, што яны носяць касметычны альбо тэхнічны характар. Да прыкладу, прапанова аб паніжэнні яўкі выбаршчыкаў і адмене другога тура галасавання, з'яўляецца больш камфортнай для ўлады, чым для апазіцыі», - цытуе Лябедзьку «Тэлеграф».
«Абсалютна бессэнсоўным выглядае прапанова аб заяўнічым прынцыпе правядзення мерапрыемстваў пры ўмове іх абавязковага правядзення ў фіксаваных уладай месцах. Магчымасць прыцягнення дадатковага фінансавання на выбарчую кампанію, у нашых рэаліях, ізноў жа больш выйгрышна для кандыдата ад улады, чым ад апазіцыі», - падкрэсліў старшыня АГП.
«З'яўленне ў партый магчымасці вылучэння сваіх прадстаўнікоў кандыдатамі ў дэпутаты, незалежна ад наяўнасці ў акрузе зарэгістраванай структуры, гэта фактычна частковая кампенсацыя за адмену рэгістрацыі партыйных структур па месцы жыхарства чальцоў партыі», - сказаў Лябедзька.
«Але самае галоўнае, што ўсе адзначаныя змены ніякім чынам не ўплываюць на вынікі галасавання. Можна мець падтрымку абсалютнай большасці выбаршчыкаў, але пры гэтым ваша месца ў мясцовым савеце зойме зусім іншы чалавек. Практыка такая, што ўсе пратаколы з выніковымі лічбамі галасавання рыхтуюцца загадзя, і прапанаваныя змены ў Выбарчы кодэкс не ствараюць механізмаў эфектыўнага кантролю за галасаваннем і падлікам галасоў», - заявіў апазіцыйны палітык.