10 чэрвеня 2026, Серада, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінюст патрабуе ад камуністаў тлумачэнняў

Міністэрства юстыцыі запатрабавала ад Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) дадатковых тлумачэнняў з нагоды змены назвы партыі.

Пра гэта паведаміў БелаПАН сакратар ЦК ПКБ Валеры Ухналёў.

Рашэнне аб перайменаванні ПКБ было прынятае 25 кастрычніка па выніках галасавання на другім паседжанні XIV пазачарговага з'езду партыі. 23 лістапада ў Мінюст былі пададзеныя дакументы на перайменаванне Партыі камуністаў Беларускай у Беларускую партыю аб'яднаных левых «Справядлівы свет».

Па словах Ухналёва, Міністэрства юстыцыі просіць растлумачыць, чым выкліканае перайменаванне партыі, чаму ў яе статуце ўтрымліваецца вызначэнне «камуністычная» і іншыя дэталі. «Акрамя таго, у Мінюст паступілі калектыўныя звароты чальцоў партыі, якія лічаць, што з'езд, які прыняў рашэнне аб перайменаванні партыі, прайшоў з парушэннямі. Мы ведаем пра гэтыя звароты. Таму праблемы для нас гэта не складзе», — сказаў Ухналёў.

29 лістапада адбыўся пленум ЦК партыі, на якім абмяркоўваліся гэтыя пытанні. «Было вырашана, што мы дамо адказ Мінюсту ў вызначаныя ім тэрміны, гэта значыць да канца гэтага тыдня», — адзначыў Ухналёў.

Акрамя таго, на пленуме абмяркоўваліся пытанні ўдзелу партыі ў выбарах у мясцовыя саветы. «У адпаведнасці са зменамі ў выбарчае заканадаўства ў нас з'явіліся новыя магчымасці. Напрыклад, юрыдычна ў нас няма партыйнай арганізацыі ў Лагойску, але там моцная арганізацыя са ста камуністаў. Раней мы не маглі вылучаць там кандыдатаў у дэпутаты, паколькі арганізацыя не была зарэгістраваная з-за адсутнасці юрыдычнага адрасу. Зараз, калі «палата прадстаўнікоў» прыме змены ў заканадаўства па выбарах, мы можам вылучыць там сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і кандыдатаў у дэпутаты», — заявіў Ухналёў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках