Апазіцыянер з Віцебскай вобласці прадае нырку – яму няма на што жыць
25- 18.12.2009, 11:40
Аляксандр Жыткевіч з вёскі Бычыха просіць раённую газету «Гарадоцкі веснік» бясплатна надрукаваць абвестку пра продаж ныркі.
Гэта звязана з тым, што на працягу сямі месяцаў Аляксандр Жыткевіч не можа ўладкавацца на працу і не мае сродкаў для існавання, перадае «Радыё Свабода».
У працаўладкаванні за сем месяцаў гэтага года Жыткевічу адмовілі 13 арганізацыяў і ўстановаў. Ён лічыць, што кіраўніцтва Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці вядзе супраць яго неабвешчаную вайну пасля яго ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2008 года ў якасці назіральніка.
Гарадокскі актывіст Леанід Гаравы ўзгадвае, што 23-гадовага зубнога фельчара з вёскі Бычыха Аляксандра Жыткевіча яшчэ падчас «парламенцкіх» выбараў начальства папярэдзіла пра магчымыя негатыўных наступствы. І ў выніку маладога спецыяліста асудзілі за нібыта незаконнае атрыманне грошай ад пацыентаў. У траўні 2009 года суд пазбавіў Аляксандра Жыткевіча права займацца прафесійнай дзейнасцю на працягу двух гадоў. Знайсці іншую працу было практычна немагчыма.
У ліпені Аляксандр Жыткевіч разам з яшчэ адным беспрацоўным гарадоцкім актывістам Леанідам Аўтуховым праводзілі пяцідзённую галадоўку, каб звярнуць увагу грамадскасці і ўладаў на свае праблемы. Пасля гэтага Жыткевіча ўзялі на выпрабавальны тэрмін у Гарадоцкі лясгас, аднак атрымаць пастаянную працу так і не атрымалася – дырэктар адмовіўся прыняць яго нават рознарабочым.
Рашэнне прадаць нырку жыхар Гарадоцкага раёна прыняў таму, што іншых сродкаў для існавання проста не мае – ён сірата, выхоўваўся ў інтэрнаце, а на працу яго не бяруць.
Леанід Гаравы паведаміў, што абвешчаны збор сродкаў для Аляксандра Жыткевіча. Неабыякавыя землякі ўжо адклікнуліся на зварот і перадалі для яго прадукты.