29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Марачкін: «Спадзяюся, што ў наступным годзе беларусы прачнуцца»

3
Аляксей Марачкін: «Спадзяюся, што ў наступным годзе беларусы прачнуцца»

Кіраўнік творчага аб'яднання «Пагоня» лічыць, што ў 2010 годзе ў палітычным і культурным жыцці беларускага грамадства абавязкова павінны адбыцца змены.

2010-ы год для Аляксея Марачкіна – асаблівы. У наступным годзе кіраўнік творчага аб'яднання «Пагоня», былы старшыня аб'яднання «Бацькаўшчына» адзначыць сваё 70-годдзе. Таму ў наступным годзе вядомы беларускі мастак і грамадскі дзеяч марыць правесці ў Менску персанальную выставу, аднак, як прызнаецца Марачкін, ужо сёння ён сумняецца, што выстава адбудзецца. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

«2010 год для мяне – юбілейны. Мне спаўняецца 70 гадоў. Я б вельмі хацеў правесці ў Менску персанальную выставу, але ўжо зараз сумняюся, што яна адбудзецца. Я падаў заяўку ў Музей сучаснага мастацтва. У музеі сабралі савет, і большасць вырашыла мне адмовіць. Вядома ж, месца для выставы я знайду – у крайнім выпадку, правяду яе за мяжой. Але вельмі б хацелася правесці персанальную выставу ў Менску. Можа быць, паспрабую ў Нацыянальным мастацкім музеі, але баюся, што там мяне таксама «апракінуць», -- заявіў Аляксей Марачкін.

У цэлым, ад 2010 года беларускі мастак чакае змен у палітычнай і культурнай сферах жыцця беларускага грамадства.

«Я б хацеў пажадаць беларусам у 2010 і 2011 гадах, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, каб у нас адбыліся змены ў палітычным і культурным жыцці. Змены ў лепшы бок, каб мы камфортна сябе адчувалі ў Беларусі, каб не было дыскрымінацыі. І каб нас перасталі дзяліць на тых і іншых, на «белых» і «чорных». У Беларусі павінна з'явіцца адзінства, як у Еўропе. Пакуль нас працягваюць дзяліць, ні пра якую грамадзянскую супольнасць казаць не даводзіцца», -- лічыць Аляксей Марачкін.

Кіраўнік творчага аб'яднання «Пагоня» спадзяецца, што ў наступным годзе беларусы «прачнуцца».

«Кажучы пра прычыны, якія могуць змяніць жыццё беларусаў, я ўзгадваю словы Рыгора Барадуліна: «Будзем – калі абудзім», -- кажа Аляксей Марачкін. -- Мы будзем, калі народ прачнецца. І паглядзіць вакол. І убачыць народы, якія жывуць побач і жывуць лепш».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках